Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/02/01/446480_446492/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 04:41
01.02.2011 12:57 Эканоміка

"Амкадор" у 2010 годзе павялічыў аб'ём вытворчасці амаль на 32%

Мінск, 1 лютага. ААТ "Амкадор" у 2010 годзе павялічыла аб'ём вытворчасці ў супастаўных цэнах на 31,6%, паведамілі БелаПАН у прэс-службе прадпрыемства. Аб'ём таварнай прадукцыі ў дзейных цэнах склаў 366,5 млрд. рублёў, з улікам даччыных прадпрыемстваў — 490,4 млрд. рублёў.

Прадукцыйнасць працы вырасла на 45,1%. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 420,4 млрд. рублёў і вырасла ў параўнанні з 2009 годам у 1,7 разу.

Запасы гатовай прадукцыі на складах скараціліся больш чым у два разы. Попыт на тэхніку і абсталяванне прадпрыемства перавысіў прапанову. Аб'ём экспартных паставак склаў 46 млн. 149,2 тыс. долараў ЗША. Тэмп росту экспарту дасягнуў 409,5%, што амаль у тры разы вышэй, чым было намечана. Па выніках 2010 года атрымана станоўчае знешнегандлёвае сальда ў памеры 25 млн. 35,6 тыс. долараў, што на 25,2% вышэй за ўстаноўленае заданне.

Як паказваюць вынікі 2010 года, у сістэме ААТ "Амкадор" не засталося ніводнага стратнага прадпрыемства, тады як у 2009 годзе іх было два.

Аб'ём інвестыцый у асноўны капітал склаў 5,1 млрд. рублёў, ці 101,9% ад запланаванага. Даччынымі прадпрыемствамі ААТ "Амкадор" інвеставана ў тэхнічнае развіццё 13,7 млрд. рублёў.

Адзначаны рост у аб'ёме вытворчасці ўдзельнай вагі арыгінальных запасных частак, які склаў 3,3% супраць 2,1% па выніках 2009 года. Усяго за мінулы год выраблены запчасткі на 13,7 млрд. рублёў.

Прэс-служба адзначыла, што ААТ "Амкадор" вядзе актыўны набор спецыялістаў. Спісачная колькасць калектыву ў параўнанні з пачаткам мінулага года павялічылася больш чым на 400 чалавек і склала без уліку даччыных прадпрыемстваў 2.664 чалавекі.

Тэмп росту сярэдняй заработнай платы ў 2010 годзе дасягнуў 137,7%, у снежні — 158,4%. Сярэдняя зарплата за студзень—снежань склала 1 млн. 541,1 тыс. рублёў, за снежань — 1 млн. 831,9 тыс.

Даведка БелаПАН. ААТ "Амкадор" заснавана ў 1991 годзе на базе завода "Ударнік". Гэта структура холдынгавага тыпу, якая аб'ядноўвае 10 юрыдычных асоб. На прадпрыемствах таварыства працуе больш за 4,5 тыс. чалавек. "Амкадор" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў дарожна-будаўнічай, камунальнай, снегаўборачнай, лясной, сельскагаспадарчай і іншай спецыяльнай тэхнікі ў СНД і Еўропе. Вырабляе больш за 80 мадэляў і мадыфікацый машын.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН