Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/03/10/eu_eu_455018_455020/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:28
10.03.2011 10:24 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Канцэрн "Беллегпрам" адкрые ў Вільнюсе сумеснае гандлёвае прадпрыемства

Мінск, 10 сакавіка. У красавіку ў Вільнюсе плануецца адкрыць беларуска-літоўскі гандлёвы дом, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна "Беллегпрам".

Гэта будзе невялікае гандлёвае прадпрыемства (магазін) агульнай плошчай 50 кв. м пад назвай "Бусел". Размесціцца яно ў цэнтры Вільнюса побач з беларускім пасольствам.

Гандлёвы дом — сумеснае прадпрыемства з беларускім капіталам, 50% якога належыць ААТ "Тэкстыльгандаль" (Мінск), што ўваходзіць у склад "Беллегпрама". Ад літоўскага боку (50%) удзельнічае ЗАТ Arvunas. Рашэнне аб стварэнні гандлёвага прадпрыемства ў Літве было прынята ў лістападзе 2010 года, прадпрыемства было зарэгістравана ў Вільнюсе 25 лютага.

У хуткім часе ў літоўскую сталіцу будуць накіраваны невялікія партыі дамашняга тэкстылю вытворчасці Аршанскага лёнакамбіната і Баранавіцкага ВБА, галантарэйнай прадукцыі мінскага прадпрыемства "Галантэя", трыкатажу вытворчасці "Свiтанка" і "Купалінкі", абутку для жанчын і мужчын "Белвест" (Віцебск) і дзіцячага абутку "Нёман" (Гродна).

"Мэта стварэння гандлёвага дома ў Вільнюсе — павелічэнне экспартных паставак у Літву і замацаванне на літоўскім рынку", — зазначыла прэс-служба.

Паводле звестак канцэрна, экспарт прадпрыемстваў "Беллегпрама" ў Літву паводле вынікаў 2010 года ў адносінах да 2009 года павялічыўся на 40% і склаў больш як 15 млн. долараў ЗША.

Зараз у прадпрыемстваў канцэрна 160 аб'ектаў тавараправоднай сеткі за мяжой, у тым ліку 49 — з беларускімі інвестыцыямі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН