Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/03/21/457661_457662/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:31
21.03.2011 12:12 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік Цэнтра развіцця валанцёрства заявіў пра націск напярэдадні вырашэння пытання аб рэгістрацыі грамадскага аб'яднання ў Міністэрстве юстыцыі

Мінск, 21 сакавіка. Кіраўнік Міжнароднага культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання "Цэнтр развіцця валанцёрства" Мікалай Кванталіяні заявіў пра націск напярэдадні вырашэння пытання аб рэгістрацыі аб'яднання ў Міністэрстве юстыцыі.

20 сакавіка праваабаронцы распаўсюдзілі ліст Кванталіяні пад загалоўкам "Гісторыя стварэння падкантрольнага трэцяга сектара ў Беларусі".

Кванталіяні паведамляе, што дакументы на рэгістрацыю цэнтра былі пададзеныя 22 лютага. 5 сакавіка яму дадому пазваніў чалавек, які назваўся Віталем Мікалаевічам і пакінуў нумар свайго мабільнага тэлефона. Ён заявіў, што звоніць наконт рэгістрацыі арганізацыі з Мінстэрства юстыцыі і ў інтарэсах заснавальнікаў з ім звязацца. Сустрэча была прызначаная на 16 сакавіка ў холе Мінюста.

"Я быў упэўнены, што іду сустракацца з прадстаўніком Міністэрства юстыцыі, — піша Кванталіяні. — На 16 сакавіка ў мяне быў загадзя распланаваны дзень, звязаны з хатнімі справамі, таму ў Міністэрства юстыцыі я прыехаў з жонкай і дзіцем".

З вуліцы зайшоў мужчына, назваў Кванталіяні па імені і імені па-бацьку і прапанаваў выйсці для размовы на вуліцу, парэкамендаваўшы адправіць жонку з дзіцем пасядзець у машыне.

Мужчына заявіў, што ён з "камітэта добрых спраў", пры гэтым ніякіх дакументаў не паказаў. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі правераныя, прэтэнзій да іх няма, і пытанне пра рэгістрацыю арганізацыі залежыць выключна ад згоды аб супрацоўніцтве.

"На маё пытанне — "А што гэта азначае?" — Віталь Мікалаевіч растлумачыў, што яны гатовы аказваць усялякае садзеянне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовы пераключыць на нашу арганізацыю еўрапейскія праекты, якія ўжо знаходзяцца пад іх кантролем. Ён нават агаварыўся, што не патрэбна будзе ажыццяўляць работу, а толькі атрымаць грошы і зрабіць справаздачу. І людзі, якія з імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50.000—60.000 еўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забеспячэнне бяспекі ў працы арганізацыі", — піша Кванталіяні.

Мужчына, паводле яго слоў, заявіў, што ў выпадку адмовы ад супрацоўніцтва арганізацыя не будзе зарэгістраваная, заснавальнікі трапяць у чорны спіс і ніколі не змогуць зарэгістраваць іншую арганізацыю, а ў самога Кванталіяні пачнуцца праблемы з выездам за мяжу.

"Віталь Мікалаевіч падсунуў мне паперу, у якой папрасіў падпісаць, што паміж намі з ім адбылася гэтая сустрэча. Ад разгубленасці я падпісаў яму гэтую паперу. Віталь Мікалаевіч сказаў, што будзе чакаць майго званка з пацвярджэннем на працягу 40 хвілін", — піша кіраўнік цэнтра.

Пасля абмеркавання сітуацыі з калегамі было прынята рашэнне "не кантактаваць з гэтым чалавекам і чакаць вынікаў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі". Тэрмін разгляду дакументаў заканчваецца 22 сакавіка.

"Мы звязаліся з заснавальнікамі швейцарскага аддзялення і растлумачылі ім сітуацыю. З іх боку была атрыманая адназначная рэакцыя, што для іх лепш нерэгістрацыя арганізацыі, чым праца са спецслужбамі", — паведамляе Кванталіяні.

На працягу "ўсіх наступных дзён" з нумара Віталя Мікалаевіча" пастаянна паступалі званкі, але заснавальнік цэнтра трубку не здымаў. 19 сакавіка прыйшло смс-паведамленне "Я прыйду з вобыскам". Пасля гэтага Кванталіяні вырашыў "паведаміць пра ўсю гэтую сітуацыю".

"Цяпер я разумею, што іх намеры — працягваць прымушаць мяне да супрацоўніцтва ўжо з дапамогай пагроз, — піша кіраўнік цэнтра. — Я ніколі не думаў, што тэма валанцёрства і дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва з'яўляецца аб'ектам пільнай увагі з боку "камітэта добрых спраў".

Дзмітры Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН