Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/03/29/459763_459771/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 04:44
29.03.2011 13:23 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк пашырыў калідор курсу рубля на пазабіржавым рынку з 2 да 10%

Мінск, 29 сакавіка. Нацыянальны банк дазволіў камерцыйным банкам ажыццяўляць здзелкі куплі-продажу замежнай валюты з суб'ектамі гаспадарання паводле курсу, які адхіляецца ад афіцыйнага не больш як на 10%. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацбанка.

Дагэтуль курс рубля на пазабіржавым рынку мог адрознівацца не больш як на 2% ад афіцыйнага курсу. Пашырэнне калідора курсу рубля да 10% Нацбанк тлумачыць неабходнасцю развіваць аперацыі на пазабіржавым рынку.

"Пазабіржавы валютны рынак ужо ў найбліжэйшай перспектыве павінен стаць найбольш ліквіднай і ёмістай часткай унутранага валютнага рынку, на якім попыт прадпрыемстваў на замежную валюту будзе задавальняцца банкамі на рынкавых прынцыпах максімальна аператыўна і ў поўным аб'ёме", — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнага банка. 

У сувязі з гэтым 29 сакавіка камерцыйным банкам, як тлумачыць Нацбанк, быў разасланы ліст "Аб устанаўленні абменных курсаў замежных валют". У гэтым лісце прапанавана "здзелкі куплі-продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб'ектамі гаспадарання праводзіць паводле курсу, які адхіляецца ад афіцыйнага курсу не больш яе на 10%".

На думку Нацбанка, прынятае рашэнне дазволіць "пашырыць магчымасці банкаў па задавальненні попыту беларускіх прадпрыемстваў на замежную валюту, павысяць зацікаўленасць экспарцёраў у рэалізацыі сваёй валютнай выручкі, а таксама будуць садзейнічаць стварэнню ўмоў, неабходных для нарошчвання дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і дасягнення знешнеэканамічнай збалансаванасці ў перспектыве".

Раней прадстаўнікі камерцыйных банкаў у інтэрв'ю БелаПАН заяўлялі, што не маюць магчымасці задавальняць попыт юрыдычных асоб на замежную валюту. Наяўную сітуацыю яны тлумачылі той  акалічнасцю, што на міжбанкаўскім рынку адсутнічае магчымасць набываць замежную валюту. Як паведаміла БелаПАН крыніца ў банкаўскіх колах, экспарцёры, баючыся дэвальвацыі рубля, сталі прытрымліваць валютную выручку, і гэта прывяло да адсутнасці валюты на міжбанкаўскім рынку.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239