Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/04/26/eu_eu_466749_466754/
Дата раздрукоўкі: 02.03.2021 17:43
26.04.2011 22:38 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Аляксандр Лукашэнка лічыць нягоднікамі тых, хто спрабуе ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі

Мінск, 26 красавіка. Аляксандр Лукашэнка лічыць нягоднікамі тых, хто спрабуе ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, і мяркуе, што краіне трэба дапамагаць.

"Проста нягоднікі. Таму я не жадаю гаварыць пра ўсякіх Барозу, "казлоў", "быкоў" і іншых", — заявіў Лукашэнка 26 красавіка ў Нароўлі (Гомельская вобласць), адказваючы на пытанні журналістаў. Фрагменты выказванняў прэзідэнта былі паказаны па беларускіх тэлеканалах.

Лукашэнка перавёў пытанне санкцый у плоскасць наяўных падзей. "Хіба можна супраць краіны, якая больш за ўсё пацярпела ад чужой расхлябанасці (аварыі на ЧАЭС. — БелаПАН.), весці гаворку пра тое, каб увесці нейкія санкцыі. Нам дапамагаць трэба", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь траціць велізарныя сродкі на адраджэнне пацярпелых рэгіёнаў, у тым ліку на арганізацыю бяспекі, у прыватнасці пажарнай, на гэтых тэрыторыях. "Мы толькі з бюджэту за гэтыя гады ўклалі 25 млрд. долараў у рэабілітацыю гэтых зямель. А палічыце, колькі пазабюджэтных? Гэта ўсе 30 млрд.", — дадаў прэзідэнт.

"Не факт, што калі б тут штосьці ўспыхнула, то гэта не паляцела б у паспяховую Еўропу. Дык плаціце, дапамагайце! — заявіў Лукашэнка. — Але казлы — яны і ёсць казлы. Што сёння пра іх казаць? Такі народ. Мы для іх канкурэнты. Мы — ідэалагічныя сапернікі. Мы — людзі, якія прапаведуюць іншы спосаб жыцця і паказваюць, што можна нават у такой краіне беднай на энергарэсурсы людзям нармальна жыць. Але ім гэта не трэба".

"Мы для іх небяспечныя, і справа не ў нейкай дыктатуры і дэмакратыі. Нам не патрэбна такая іх дэмакратыя. Калі яны хочуць мець з намі справу, то толькі паважаючы наш народ", — заключыў Лукашэнка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239