Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/05/23/472499_472500/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 05:21
23.05.2011 18:06 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк Беларусі павысіў курс долара да беларускага рубля на 56% — з 3.155 да 4.930

Мінск, 23 мая. Нацыянальны банк на 24 мая ўстанавіў афіцыйны курс долара ЗША на ўзроўні 4.930 рублёў.
Такім чынам, Беларусь у чарговы раз пайшла на дэвальвацыю афіцыйнага курсу. На 23 мая афіцыйны курс складае 3.155 рублёў за долар. Гэта азначае, што аднамомантна рубель дэвальваваны на 56,3%.

Афіцыйны курс еўра павялічаны на 53,1%, з 4.516,38 да 6.914,82 рубля, расійскага рубля — на 53,9%, са 113,02 да 173,95 беларускага рубля. Курс кошыка валют вырас на 54,4% — з 1.172,15 да 1.810,02 рубля.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 17 снежня, Аляксандр Лукашэнка заяўляў: "Мы сёння маем дастаткова золатавалютных рэзерваў, прыкладна 6-7 млрд. долараў, для таго, каб задаволіць любы попыт на валюту. Нам няма неабходнасці сёння дэвальваваць нацыянальную валюту. Пра гэта гаварыў і старшыня Нацыянальнага банка, і я не аднойчы заяўляў пра гэта. Таму трэба супакоіцца і жыць, спакойна глядзець у будучыню. А яна, як мне здаецца, у перспектыве някепская".

17 сакавіка гэтага года па выніках даклада прэзідэнту кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч запэўніваў: "Пакуль я з`яўляюся старшынёй праўлення Нацбанка, ніякай разавай аднамомантнай дэвальвацыі ніколі не будзе. У нас дастаткова вопыту, які мы назапасілі за 15 гадоў, і гэты вопыт гаворыць аб тым, што гэта кепскае рашэнне для беларусаў. Калі кепскае рашэнне, мы яго выконваць не будзем".

Пры гэтым кіраўнік Нацбанка адзначыў: гаворачы "разавая дэвальвацыя", ён мае на ўвазе "нават не дэвальвацыю ў 20—30%, а дэвальвацыю вышэй за 5%".

16 красавіка Аляксандр Лукашэнка абяцаў "выраўнаваць" сітуацыю на валютным рынку на працягу некалькіх дзён. "Сёння-заўтра-паслязаўтра мы выраўнуем сітуацыю па валюце. Але вы на мяне не крыўдуйце. Курс — гэта справа некалькіх дзён, трэба, можа быць, тыдзень", — сцвярджаў ён, адказваючы на пытанні журналістаў падчас рэспубліканскага суботніка.

11 мая Нацбанк адпусціў валютны курс на наяўным рынку, пасля чаго курс беларускага рубля ў банкаўскіх абменных пунктах упаў на 30% — да 4.000 рублёў за долар.

12 мая падчас наведвання ААТ "Александрыйскае" ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што праз адзін-два месяцы Беларусь урэгулюе сітуацыю на валютным рынку. "Так, складана сёння. Вырулім. Праз адзін-два месяцы мы спакойна забудзем усялякія валютныя нелады", — сказаў Лукашэнка.

16 мая курс у банкаўскіх абменных пунктах быў апушчаны яшчэ на 500 рублёў — да 4.500 рублёў за долар. Аднак валюты ў абменных пунктах па-ранейшаму практычна няма.

Улады Беларусі не ўпершыню адважыліся на рэзкую дэвальвацыю рубля. З 2 студзеня 2009 года афіцыйны курс нацыянальнай валюты ўпаў адразу на 20,5% адносна долара ЗША, еўра і расійскага рубля. У прыватнасці, курс долара быў павышаны да 2.650 рублёў, еўра — да 3.703 рублёў, расійскага рубля — да 90,16 рубля.
Аляксей Арэшка, Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239