Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/06/06/475730/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2020 22:34
06.06.2011 12:30 Грамадства, Культура

У Мінску памёр вядомы беларускі філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан

Мінск, 6 чэрвеня. 6 чэрвеня ў Мінску на 78-м годзе жыцця памёр вядомы беларускі філосаф і літаратуразнаўца Уладзімір Конан. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) Алесь Пашкевіч.

"Нам тэлефанавалі з лечкамісіі — сёння памёр Уладзімір Міхайлавіч Конан", — распавёў ён. Пакуль не вядомыя ні дакладная прычына смерці філосафа, які жыў адзін і цяжка хварэў, ні дата і месца пахавання.

"Постаць Уладзіміра Конана нельга пераацаніць і апісаць ні ў вянку жалобных некралогаў, ні ў асобных нарысах, артыкулах ці кнігах, — адзначыў Пашкевіч. — Уладзімір Конан быў і застаецца вядомым філосафам, літаратуразнаўцам і крытыкам, ён быў доктарам філасофскіх навук і лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў".

Кіраўнік СБП падкрэсліў, што Конан не быў філосафам-затворнікам — наадварот, ён "быў адкрытым і публічным чалавекам, грамадзянская пазіцыя якога заўсёды была ўзорнай для дзясяткаў, сотняў ягоных вучняў і прыхільнікаў".

Уладзімір Конан, паводле слоў Пашкевіча, быў вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе як удумлівы таленавіты даследчык, культуролаг. "Найперш яго цікавілі далягляды і загадкі беларускага нацыянальнага духу, гэтага чалавека цікавілі нацыянальныя ідэі ў сувязі з язычніцтвам і хрысціянствам", — дадаў старшыня пісьменніцкага аб`яднання.

Паводле яго слоў, у часы пабудовы Рэспублікі Беларусь Конан прыкладаў усе намаганні, каб у краіне стварыўся Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, а таксама актыўна выступаў як публіцыст, прымаў удзел ў міжнародных кангрэсах беларусістаў.

Даведка БелаПАН. Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава Навагрудскага раёна ў сялянскай сям`і. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, працаваў у Інстытуце філасофіі і права Акадэміі навук Беларусі. У 1991 годзе стаў загадчыкам аддзялення гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Скарыны.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН