Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/06/13/by_media_mid/
Дата раздрукоўкі: 28.03.2020 20:45
13.06.2011 19:20 Відэа, Грамадства

Нацыянальнай бібліятэцы і музею-запаведніку "Нясвіж" перададзены ў дар культурныя і гістарычныя каштоўнасці

13 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбылася цырымонія перадачы ў дар Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку "Нясвіж" культурных і гістарычных каштоўнасцяў, у сілу розных акалічнасцяў вывезеных з тэрыторыі краіны.

Старшыня Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Валерый Казакоў перадаў у фонды бібліятэкі і музея-запаведніка такія рэліквіі, як медалі ў гонар Людвігі-Караліны Радзівіл (1667 год) і "Узяцце Смаленска Уладзіславам IV, каралём Рэчы Паспалітай" (1634 год); гравюра, што належала Радзівілам; нямецкае выданне 1711 года "Настаўленне па складанні родавых гербаў"; два рэпрынтныя выданні Слуцкай (XV стагоддзе) і Баркулабаўскай (XVII стагоддзе) летапісаў; арыгінальная Біблія (1816 год); кніга А.П.Сапунова "Віцебская даўніна" з аўтографам аўтара (1885 год); 12 альбомаў "Вялікая вайна ў вобразах і карцінах" выдання Д.Я.Макоўскага 1914 года.

Федэральнай аўтаноміяй і яе старшынёй на працягу шэрагу гадоў праводзіцца актыўная праца па вяртанні ў Беларусь культурнай спадчыны. Значным кірункам дзейнасці аўтаноміі стала праграма "Вяртанне", якая ажыццяўляецца ў асноўным за кошт асабістых сродкаў Казакова. У яе межах Магілёўскаму краязнаўчаму музею была падорана кніга "Песнапенні" XVII стагоддзя; пераведзены ў лічбавы фармат, перанесены на палатно чатыры з шасці вядомых у Беларусі партрэтаў, што належалі роду Нямцэвічаў; комплексу "Мірскі замак" перададзена кніга "Павучэнне Іаана Златавуста", якая раней знаходзілася ў зборы архіепіскапа Магілёўскага, а таксама чатыры тамы Асабовага зводу пасольскіх летапісаў.

У цырымоніі перадачы рэліквій бралі ўдзел міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, дырэктар музея-запаведніка "Нясвіж" Сяргей Клімаў.
Відэа Паўла Падабеда, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН