Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/06/21/eu_479293_479297/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 00:07
21.06.2011 10:35 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Апублікаваны спіс асоб і кампаній, у дачыненні да якіх уведзены санкцыі ЕС (дапоўнена)

Мінск, 21 чэрвеня. Афіцыйны часопіс Еўрапейскага саюза апублікаваў спісы беларускіх грамадзян і кампаній, у дачыненні да якіх Савет ЕС увёў 20 чэрвеня санкцыі.

У спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, значацца:

Андрэй Кажэўнікаў, пракурор па справе ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, членаў выбарчай каманды Някляева Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сергея Вазняка, а таксама намесніка старшыні незарэгістраванага "Маладога фронту" Анастасіі Палажанкі. "Відавочна, што выстаўленае ім абвінавачанне было палітычна матываванае і парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яно грунтавалася на няправільнай трактоўцы падзей 19 снежня 2010 года, не падмацаванай сведчаннямі, доказамі і паказаннямі сведак", — гаворыцца ў каментарыі ЕС;

Людміла Грачова, суддзя суда Ленінскага раёна Мінска. "Яна разглядала справу экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. Відавочна, што яе манера вядзення працэсу супярэчыла Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу. Яна палічыла, што выкарыстанне доказаў і паказанняў не мае дачынення да абвінавачаных асоб", — зазначае ЕС;

Кірыл Чубкавец, пракурор па справе экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса, а таксама палітычных і грамадскіх актывістаў Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова і Дзмітрыя Буланава. "Відавочна, што выстаўленае ім абвінавачанне было палітычна матываванае і парушала Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Яно грунтавалася на няправільнай трактоўцы падзей 19 снежня 2010 года, не падмацаванай сведчаннямі, доказамі і паказаннямі сведак", — гаворыцца ў каментарыі;

Уладзімір Пефціеў, бізнесмен. Ён фігуруе ў спісе як "асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям'ёй". "Галоўны эканамічны дарадца прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў "Белтэхэкспарта", найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў", — адзначаюць у ЕС.

У спісе кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, — ЗАТ "Белтэхэкспарт", ЗАТ "Спорт-пары" і ПУП "БТ Тэлекамунікацыі". Усе тры арганізацыі "падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву", зазначаецца ў дакуменце.

Прыводзіцца таксама пералік тэхнікі, на пастаўкі якой у Беларусь Еўрасаюз уводзіць эмбарга ў сувязі з тым, што яна можа выкарыстоўвацца ўладамі "для рэпрэсій". У гэтым спісе 11 пунктаў.

Рашэнне аб пашырэнні санкцый было прынята 20 чэрвеня на сесіі Савета Еўрасаюза ў Люксембургу. У афіцыйным заключэнні савета выказана "глыбокая занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў Беларусі". ЕС заклікаў Беларусь паважаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.

Еўрасаюз "працягвае ўважлівае сачыць за сітуацыяй у Беларусі". Развіццё двухбаковых адносінаў "знаходзіцца ў залежнасці ад прагрэсу Беларусі ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону", падкрэсліваецца ў заключэнні.

Палітычнае рашэнне па Беларусі было прынята Саветам ЕС 31 студзеня ў Бруселі. Тады міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаны. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пазней Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік. На сёння ў ім было 179 беларускіх службовых асоб, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

Антон Тарас, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН