Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/06/24/by_media_adnak/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 08:11
24.06.2011 13:20 Відэа, Грамадства

Падведзены вынікі другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

23 чэрвеня ў Мінску на ўрачыстай цырымоніі былі абвешчаны пераможцы другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!.

Калі на першы фестываль было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то сёлета іх колькасць узрасла амаль утрая — 298 заявак ад больш як сотні ўдзельнікаў. Лідарам стала намінацыя "Дызайн & Art Direction" — было пададзена 86 работ. Пераможцы вызначаліся ў 11 намінацыях і ў шасці конкурсах.

Напрыклад, Гран-пры сярод анімацыйных ролікаў атрымала стужка "Будзьма беларусамі!", прэзентаваная аднайменнай грамадскай кампаніяй, Юліяй Ляшкевіч, Юліяй Рудзіцкай, Лявонам Вольскім і Аляксандрам Памідоравым.

Гран-пры сярод календароў ушанаваная работа "Жыллё" рэкламнага агенцтва Folio-Art. А ў намінацыі "Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты" — праект "Манета ад Вiтаўта", у межах якога ААТ "Белзнешэканамбанк" была набыта рэдкая сярэбраная манета часоў вялікага князя Вітаўта — зараз яна захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

У іранічнай намінацыі "Каша сувораўская" былі "ўганараваны" рэкламныя работы, якія ігнаруюць факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры або дэманструюць непрафесійны падыход да справы. Такімі названы работы "Мая Радзіма", "Вкус Бульбаша" і "Шакаладная Хатынь".

Як адзначылі арганізатары фестывалю, найбольш паспяхова творцы працуюць з беларускай мовай у відэафармаце. А вось пераканаўчых піяр-кампаній журы амаль не бачыла. "З усіх прапанаваных работ толькі адна адпавядала канцэпцыі фестывалю і была зроблена на пяць з плюсам", — сказаў паводле вынікаў прагляду брэнд-майстар Ігар Корзун.

Частка работ першапачаткова ўвогуле ствараліся па-руску і потым спецыяльная для фестывалю AD.NAK! перекладаліся, зазначыла член журы Вольга Ліпай. Але былі і іншыя — ад вытворцаў, якія "не спрабуюць нічога даказаць, яны беларусы, яны жывуць нейкімі каштоўнасцямі, прычым каштоўнасцямі, якія ляжаць па-за звычайных дранікавых, бусліных, бібліятэчных крытэрыяў". І менавіта гэтыя работы ў любой замежнай галерэі будуць успрымацца як беларускія, сказала Ліпай.
Відэа Аляксандра Васілеўскага, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН