Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/07/28/487225_487230/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 02:43
28.07.2011 12:45 Грамадства, Культура

ПРААН абвяшчае адкрытыя кастынгі першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба"

Мінск, 28 ліпеня. Офіс Праграмы развіцця ААН у Беларусі абвяшчае адкрытыя кастынгі першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба".

Праект рэалізуецца ПРААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі ў межах выканання гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.

Паводле слоў крэатыўнага прадзюсара фільма Андрэя Курэйчыка, гэта першы кінапраект аб жыцці мінскай моладзі. "Наша мэта — зрабіць першы серыял пра беларускую моладзь, сумленны, шчыры, глыбокі. Гэта ўнікальная магчымасць адкрыта распавесці, чым зараз жывуць, чым дыхаюць маладыя людзі ў Мінску. У адрозненне ад большасці іншых беларускіх фільмаў, мы не ўцякаем ад сучаснай рэальнасці. Нам яна цікавая", — сцвярджае ён.

Фільм закліканы разбурыць шэраг стэрэатыпаў, што дзейнічаюць у тэме ВІЧ і СНІДу, распавесці пра неабходнасць клопату пра сябе і сваякоў, садзейнічаць уцягванню моладзі ў абмеркаванне актуальных пытанняў, звязаных са СНІДам, фарміраванню талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Творчая група кінапраекта вырашыла не абмяжоўвацца прафесійнымі акцёрамі. "Калі вы беларус або беларуска, маладыя, таленавітыя, артыстычныя, амбіцыйныя і хочаце стаць зоркай першага беларускага маладзёжнага серыяла, мы будзем рады бачыць вас на нашых кастынгах, — кажа каардынатар і прадзюсар серыяла ад ПРААН Марыя Маліноўская. — У нас шмат цікавых роляў. Персанажы фільма — маладыя, яркія, цікавыя людзі, якія перажываюць няпростыя сітуацыі".

На кастынг запрашаюцца грамадзяне Беларусі ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў. Вітаюцца прафесійны акцёрскі вопыт, музычнасць, яркі і творчы спосаб жыцця.

Кастынгі будуць праводзіцца ў офісе ПРААН 30 і 31 ліпеня з 12.00 да 18.00 па адрасе: Мінск, вул. Клары Цэткін, 18, 1-ы паверх. Другая серыя кастынгаў пройдзе там жа 6, 7, 13, 14 жніўня з 11.00 да 18.00.

Іншагароднія і тыя, хто не можа наведаць кастынг гэтымі днямі, таксама маюць шанц быць заўважанымі. Сваё кароткае рэзюме і фатаграфіі можна даслаць на электронны адрас: VysheNeba@gmail.com.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН