Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/08/15/490641_490642/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:06
15.08.2011 21:47 Грамадства, Культура

Аб`яўлены адкрыты кастынг музычных калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў першым беларускім маладзёжным серыяле "Вышэй за неба"

Мінск, 15 жніўня. Творчая група першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба" аб`явіла пра пачатак адкрытага кастынгу музычных калектываў і выканаўцаў для ўдзелу ў фільме. Пра гэта паведамілі арганізатары праекта.

Серыял з`яўляецца першым падобным кінапраектам у Беларусі і здымаецца Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя на сродкі гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй.

Фільм закліканы разбурыць шэраг стэрэатыпаў, якія дзейнічаюць у тэме ВІЧ і СНІДу, расказаць пра неабходнасць клопату пра сябе і блізкіх, садзейнічаць уцягванню моладзі ў абмеркаванне актуальных пытанняў, звязаных са СНІДам, фарміраванню талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ. Героі фільма — маладыя людзі, якія перажываюць няпростыя сітуацыі, што ставіць перад імі жыццё.

У акцёрскім кастынгу, які праходзіць цяпер у Мінску, узялі ўдзел ужо больш за паўтары тысячы маладых беларусаў.

"Мы запрашаем узяць удзел у кастынгу музычныя гурты, выканаўцаў самых розных маладзёжных кірункаў, — расказвае каардынатар праекта ад ПРААН Марыя Маліноўская. — Рок, рэп, хіп-хоп, джаз, электроніка, — у нашым фільме будзе гучаць усё тое, што складае сучасную маладзёжную музычную культуру". Стваральнікі серыяла перакананыя, што ў фільме павінен быць прадстаўлены ўвесь спектр актуальнай беларускай музыкі.

"Калі вы беларускія музыканты, пішаце песні, і ў вас ёсць арыгінальныя аўтарскія тэкст і аранжыроўка, — вы можаце ўзяць удзел у стварэнні саўндтрэка першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба", — кажа крэатыўны прадзюсер Андрэй Курэйчык. — Мы хочам адкрыць зорак не толькі сярод акцёраў, але і сярод музыкантаў. Бо наша кіно пра беларускую музыку таксама".

Акрамя арыгінальных музычных тэм, якія будуць створаныя спецыяльна для фільма, плануецца ўключыць у яго таксама песні розных стыляў. Паводле сюжэта фільма ўсё дзеянне разгортваецца вакол маладога беларускага музычнага гурту. А ў самім серыяле прысутнічаюць сцэны жывых канцэртаў і выступленняў айчынных музыкантаў. Паводле задумы аўтараў, фільм павінен быць напоўнены словамі і музыкай, якія раскажуць пра пераадоленне сябе, каханне, дружбу і вернасць, аб тым, што хвалюе беларускую моладзь.

"Мы гатовы разглядаць песні на рускай, беларускай, ды і іншых мовах, пры ўмове, што яны напісаныя менавіта беларускімі калектывамі і аўтарамі, — каментуе кастынг рэжысёр праекта Дзмітрый Марынін. — Самае галоўнае, каб яны былі на тэмы, заяўленыя ў фільме, і падабаліся моладзі. Для гэтага сумесна са спецыялістамі ПРААН мы будзем выкарыстоўваць маладзёжныя фокус-групы для высвятлення меркавання мэтавай аўдыторыі".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН