Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/08/15/by_media_kurejchik_v/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 10:27
15.08.2011 14:52 Відэа, Грамадства

Сцэнарыст фільма "Вышэй за неба" Андрэй Курэйчык: Мы будзем першымі, хто зробіць кіно ў фармаце маладзёжнага беларускага серыяла

14 жніўня ў Мінску завяршыліся кастынгі для будучых герояў серыяла "Вышэй за неба", які здымаецца Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя на сродкі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. У іх узялі ўдзел каля 1.300 нашых суграмадзян ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў.

"Мы будзем першымі, хто зробіць кіно ў фармаце па-сапраўднаму маладзёжнага беларускага серыяла, — сцвярджае крэатыўны прадзюсар і сцэнарыст кінапраекта Андрэй Курэйчык. — З любоў і пяшчотай мы пакажам у ім наш Мінск, нечаканыя і ў той жа час вядомыя для моладзі мясціны горада, паспрабуем паказаць усе слаі маладых людзей".

Чым будзе адрознівацца беларускі серыял ад іншых падобных фільмаў, адрасаваных моладзі?

"Спадзяюся, наш серыял будзе адрознівацца высокай якасцю, — працягвае Курэйчык. — У нас вельмі прафесійная каманда, і мы паспрабуем зрабіць яго па-сапраўднаму яркім і цікавым. У фільме будзе вялікая колькасць актуальнай беларускай музыкі. І, нарэшце, там будзе гучаць беларуская мова — многія героі ў нас размаўляюць па-беларуску".

Пры выбары музыкі, растлумачыў Андрэй, здымачная група зыходзіць з крытэрыю яе папулярнасці сярод моладзі і блізкасці тэматыцы фільма, якая спалучаецца з тэмай прафілактыкі ВІЧ-СНІД.

У інтэрв`ю БелаПАН старшыня экспертнага савета, саветнік-кансультант па інфармацыйнай стратэгіі і прафілактыцы ВІЧ Сяргей Кручэня: "Галоўнай задачай нашага серыяла я бачу тое, каб яго поспех паўплываў на прафілактыку ВІЧ у нашай краіне. Каб маладыя людзі, якія будуць яго глядзець (а я ўпэўнены, ён ім спадабаецца), змянілі паводзіны на больш адказныя ў дачыненні да свайго здароўя і здароўя сваіх блізкіх. І, вядома, сярод задач — разбурэнне пэўных міфаў і стэрэатыпаў, якія існуюць у нашым грамадстве ў дачыненні да ВІЧ-СНІДу і абцяжарваюць эфектыўную працу па яго прафілактыцы".

Паводле слоў Кручэні, правядзенне кастынгу заклікана не толькі адабраць акцёраў, але і як мага больш зацікавіць моладзь серыялам. Да мінулай суботы на кастынгах пабывала больш за тысячу чалавек з усёй краіны, а за гэтыя выхадныя аўтары праекта чакалі яшчэ каля трохсот.

"Сёння галоўны шлях перадачы ВІЧ — палавы, — сказаў Сяргей Кручэня. — Распаўсюджванне інфекцыі адбываецца не сярод уразлівых груп — спажыўцоў ін`екцыйных наркотыкаў, мужчын, якія маюць секс з мужчынамі, прадстаўніц секс-бізнесу, а, як правіла, сярод нармальных людзей, якія забываюць пра бяспечныя паводзіны. Наша задача — падштурхнуць чалавека, каб ён зразумеў сітуацыю і зрабіў свой выбар".

Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН