Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/09/20/497667_497675/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:28
20.09.2011 16:13 Грамадства, Палітыка

Рыгор Васілевіч зняты з пасады генпракурора Беларусі (дапоўнена)

Мінск, 20 верасня. Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасады генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Новым генпракурорам прызначаны Аляксандр Канюк, які раней працаваў намеснікам старшыні Вярхоўнага суда, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Гаворачы пра Васілевіча, Лукашэнка адзначыў: "Ён пераходзіць на іншую працу, у яго вельмі шмат магчымасцяў у гэтым плане. Ён чалавек не чужы, і я гэта хачу прама сказаць, каб ніхто не думаў, што Рыгор Васілевіч тут кепскі быў для прэзідэнта. Не, гэта наш чалавек, чалавек адданы нашай дзяржаве. Таму мы яго будзем выкарыстоўваць або на навуковай працы, калі ён гэтага захоча (ён вельмі шмат працуе ў гэтым кірунку), або на выкладчыцкай, або на той і іншай, або на нейкай дзяржаўнай службе. Гэта ўжо ён сам павінен вырашыць, і мы вызначымся, дзе ён будзе працаваць. У яго вельмі вялікі вопыт і вельмі вялікія веды як у юрыста. Я гэта вельмі цаню і, вядома, ён з "абоймы" не выпадзе".

Новаму генпракурору, паводле слоў Лукашэнкі, неабходна "выкарыстоўваць той вопыт, які назапасіў Рыгор Васілевіч у працы юрыстам і ў пракуратуры ў тым ліку". "Гэта талковы чалавек. Таму я буду толькі рады, калі вы будзеце з ім падтрымліваць добрыя дзелавыя адносіны", — сказаў Лукашэнка, прызначаючы Канюка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Канюку "ў пракуратуры трэба прынцыпова разабрацца з сітуацыяй, найперш з кадравай". "Як чалавек ваенны, вы па службе ведаеце многіх людзей, якіх можна было б прыцягнуць для працы ў Генеральнай пракуратуры і пракурорскіх органах, каб перш за ўсё там навесці парадак і павярнуць пракуратуру тварам да вырашэння тых праблем, якія трэба сёння вырашаць", — сказаў Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу новага генпракурора на задачы, якія стаяць перад пракуратурай у сувязі са стварэннем Следчага камітэта. "Пракуратура ў баку стаяць не можа. Без генеральнага пракурора наогул гэту працу немагчыма правесці. Патрэбны адказны, моцны арганізатар, які б, калі ўжо не павядзе ў цэлым гэтую працу, то будзе ў эпіцэнтры ўсіх дзеянняў, — сказаў Лукашэнка. — Вы павінны дакладна ведаць не толькі, чым будзе займацца Следчы камітэт, але і выбудоўваць яго аж да арганізацыйнай структуры, падбору кадраў. Таму што вам давядзецца працаваць у цесным кантакце са Следчым камітэтам. Так, ён будзе наўпрост падпарадкаваны прэзідэнту, але вы рыхтуйцеся да таго, што вельмі вялікія функцыі і паўнамоцтвы ў сувязі з гэтым будуць у генеральнага пракурора. Калі хочаце, генеральны пракурор павінен стаць правай рукой у плане арганізацыі і нагляду за следствам, асабліва на пачатку".

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Я не кажу пра тое, што ў нас старшыня Следчага камітэта будзе пазбаўлены ўсялякіх паўнамоцтваў і самастойнасці. Ні ў якім выпадку. Ён будзе дзейнічаць згодна з тымі законамі, нарматыўнымі актамі, якія будуць выпрацаваны па Следчым камітэце. Але што да нагляду: у нас адзіны орган у гэтым плане — гэта пракуратура. Тым больш, яшчэ раз паўтараю, на першых этапах мы чакаем ад генеральнага пракурора, ад пракурораў у цэлым, што яны прыкладуць значныя намаганні ў плане фарміравання Следчага камітэта".

Канюк Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў Гродне. У 1982 годзе скончыў Беларускі дзяржаўнай ўніверсітэт па спецыяльнасці "правазнаўства".

З 1982 па 1984 гады — камандзір мотастралковага ўзвода 3-га гвардзейскага танкавага палка 3-й гвардзейскай танкавай дывізіі 7-й танкавай арміі Беларускай ваеннай акругі. З 1984 года працаваў на розных пасадах у ваенных трыбуналах.

У 1993—1997 гадах — суддзя Беларускага ваеннага суда. З 1997 года — старшыня Мінскага міжгарнізоннага ваеннага суда. З 2006 па 2009 гады працаваў суддзёй і старшынёй Беларускага ваеннага суда.

З красавіка 2009 года быў суддзёй і намеснікам старшыні Вярхоўнага суда. 20 верасня 2011 года прызначаны генеральным пракурорам.

Узнагароджаны ордэнам "За службу Радзіме ва Узброеных сілах СССР" III ступені, дзевяццю медалямі.

Васілевіч Рыгор Аляксеевіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў Мінску. Працоўную дзейнасць пачынаў рабочым.

У 1980 годзе скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля чаго працягнуў вучобу ў аспірантуры.

З 1983 па 1986 гады — выкладчык юрыдычнага факультэта БДУ. З 1986 года працаваў у сакратарыяце Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь: спачатку намеснікам, а з 1989 па 1994 гады — загадчыкам юрыдычнага аддзела.

У красавіку 1994 года абраны суддзёй Канстытуцыйнага суда, са студзеня 1997 па 2008 год — старшыня Канстытуцыйнага суда.

8 лютага 2008 года быў прызначаны генпракурорам Беларусі.

Дзяржаўны саветнік юстыцыі 1-га класа.

Аўтар больш як 50 кніг, з іх больш за 20 напісаны аднаасобна. Мае публікацыі ў Расіі, ва Украіне, у Літве, Арменіі, Польшчы, Балгарыі, Францыі, Турцыі, Грэцыі, Германіі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН