Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/10/27/by_media_eu_oon/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:31
27.10.2011 19:03 Відэа, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

У межах чарговага праекта ПРААН і ЕС будзе прадоўжана праца па аднаўленні гідрарэжыму ўнікальнага балота Ельня

27 кастрычніка ў Мінску прайшла стартавая канферэнцыя сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Еўрапейскага саюза "Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь".

Нацыянальнай арганізацыяй — выканаўцам праекта будзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, агульны бюджэт праекта — больш за 5 мільёнаў еўра.

Як паведаміла БелаПАН спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта Алена Сядач, гэты праект — комплексны, складаны, шматбюджэтны. Ён разлічаны больш чым на два гады і будзе ахопліваць некалькі кірункаў. "Беларускія і замежныя эксперты прааналізуюць найлепшыя практыкі Еўрасаюза, — растлумачыла Сядач, — з мэтай паступовага збліжэння нашага заканадаўства ў галіне экалогіі з заканадаўствам ЕС. У заказніку "Ельня" (Віцебская вобласць) будзе рэалізаваны пілотны праект па стварэнні экацэнтраў і экалагічных маршрутаў, а ў гарадах Масты (Гродзенская вобласць) і Кобрын (Брэсцкая вобласць) — праекты па ўтылізацыі бытавых адходаў. Не забываем мы і пра асвету — насельніцтва, органы ўлады, НДА таксама будуць уцягнуты ў рэалізацыю нашага праекта".

"Ельня" — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння, — нагадаў тэматычны каардынатар праекта па пытаннях біяразнастайнасці Аляксандр Вінчэўскі, — адна з дзевяці тэрыторый Беларусі, якая мае міжнародны статус Рамсарскага ўгоддзя. Акрамя таго, заказнік мае статус тэрыторыі міжнароднага значэння, важнай для птушак. Гэта адно з найбуйнейшых балот верхавога тыпу ў Еўропе, дзе спыняецца прыкладна 400 тысяч мігруючых жураўлёў. Таму вельмі важна яго захаваць.

Закупляецца абсталяванне: напрыклад, балотаход, які дазволіць дасягнуць любой кропкі заказніка, камп'ютары і сродкі мультымедыя для экацэнтраў.

Паколькі асноўная праблема на Ельні — гідрарэжым (у мінулым гэта ўнікальнае балота было асушана і цяпер рэгулярна пакутуе ад пажараў), трэба будзе ацаніць, наколькі эфектыўнымі былі ўжо праведзеныя мерапрыемствы па аднаўленні гідрарэжыму, і запланаваць новыя".

У канферэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі ААН/ПРААН у Беларусі, прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дыпламатычных місій, міжнародных арганізацый і НДА.
Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН