Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/10/31/by_media_serial/
Дата раздрукоўкі: 13.11.2019 03:08
31.10.2011 13:47 Фота

У першым беларускім маладзёжным серыяле "Вышэй за неба" зняліся зоркі музыкі і шоу-бізнесу

    Паглядзець Паглядзець
Днямі здымачная пляцоўка першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба" перажыла нашэсце плеяды зорак беларускай музыкі і шоу-бізнесу. Спявак Дзмітрый Калдун, рок-музыкант Уладзімір Пугач, пісьменніца і вядучая Тамара Лісіцкая, шоумен і музыкант Аляксандр Памідораў, эпатажная тэлевядучая Ганна Бонд, тэлевядучы і гендырэктар "БелМузТВ" Уладзімір Богдан, радыёдыджэй Глеб Марозаў, шоумен Яўген Булка і іншыя з'ехаліся для таго, каб зняць сцэну, з якой пачнецца фільм.

Натурнай пляцоўкай была выбрана сталічная вуліца Няміга. Запрошаных славутасцяў і галоўных герояў праекта сустракаў натоўп студэнтаў і маладых людзей — удзельнікаў масоўкі серыяла, бо першай сцэнай фільма будзе канцэрт маладога рок-н-рольнага гурту "Перфект", у якім іграе галоўны герой праекта Мікіта. Беларускія зоркі з задавальненнем адгукнуліся на прапанову зняцца ў праекце, які ажыццяўляецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі на грант Глабальнага фонду па барацьбе са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Задача перад "віпамі" была пастаўлена наступная: падысці да вядучага "БелМузТВ" Ільі Конанава і адказаць на яго вострыя пытанні пра маладзёжную беларускую музыку.

Самыя яркія кадры гэтых інтэрв'ю ўвойдуць у першыя тытры праекта "Вышэй за неба". Серыял пакажа самы шырокі дыяпазон беларускай актуальнай маладзёжнай музыкі. Для гэтага офіс ПРААН у Беларусі аб'явіў музычны кастынг, узяць удзел у якім да 20 лістапада запрашаюцца музыканты і гурты з усёй краіны.

На здымках:
1 — Уладзімір Пугач адказвае на пытанні Ільі Конанава;
2 — Аляксандр Памідораў;
3 — Георгій Калдун рыхтуецца расказаць пра беларускую музыку;
4 — Тамара Лісіцкая і Глеб Марозаў;
5 — галоўны герой ідзе на свой лёсавызначальны канцэрт;
6 — Ганна Бонд прыйшла на здыманне са зламанымі пальцамі, справа — крэатыўны прадзюсер праекта Андрэй Курэйчык.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН