Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/11/03/507890_507891/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 18:00
03.11.2011 10:57 Палітыка, Грамадства

Суд над Алесем Бяляцкім (абнаўляецца)

Мінск, 3 лістапада. У Мінску 3 лістапада прадоўжыўся судовы працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім.
Справу Бяляцкага разглядае суд Першамайскага раёна сталіцы, але працэс праходзіць у будынку суда Маскоўскага раёна, дзе больш умяшчальныя залы. Працэс вядзе суддзя Сяргей Бандарэнка. Пракурор — Уладзімір Сайкоўскі. За працэсам назіраюць праваабаронцы і замежныя дыпламаты.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі абвінавачваецца на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў межах дагавораў аб прававой дапамозе.

Праваабаронца знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. У першы ж дзень працэсу суд адмовіў яму ў змяненні меры стрымання.

Бяляцкі сваёй віны не прызнае і заяўляе, што яго пераследуюць за праваабарончую дзейнасць. Паводле слоў падсуднага, замежныя рахункі ён вымушаны быў адкрыць пасля таго, як беларускія ўлады закрылі праваабарончы цэнтра "Вясна". Як сцвярджае Бяляцкі, сродкі замежных спонсараў, якія паступаюць на рахункі, траціліся на аказанне дапамогі грамадзянам Беларусі, чые правы былі парушаны, а таксама для выдання інфармацыйнай прававой літаратуры і правядзення семінараў.

3 лістапада ў судзе запланаваны допыт сведак. У самым пачатку сённяшняга пасяджэння суд задаволіў хадайніцтвы адваката Дзмітрыя Лаеўскага аб далучэнні да матэрыялаў справы статута закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама раздруковак з сайтаў партнёраў "Вясны", якія пералічвалі грошы на рахунак Бяляцкага.

У судзе ў якасці сведкі дапытаны намеснік дырэктара дэпартамента па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Леанід Чаўко. Ён растлумачыў, што замежная дапамога, гранты рэгіструюцца толькі пасля ўвозу ў Беларусь. Калі грошы не ўвезены, яны не рэгіструюцца як дапамога.

Яшчэ адзін сведка, галоўны дзяржаўны інспектар Міністэрства па падатках і зборах Першамайскага раёна Мінска Анжаліка Собалева, заявіла, што любыя грошы грамадзяніна Беларусі на замежных рахунках з`яўляюцца даходам і падлягаюць падаткаабкладанню. Паводле яе слоў, Бяляцкі не падаў дакументаў, якія пацвярджаюць, што гэтыя грошы не падлягаюць падаткаабкладанню, і не даў тлумачэнняў наконт гэтага, аднак прадставіў пярэчанні па актах праверкі. 3 жніўня, за дзень да затрымання Бяляцкага, акты праверкі яго замежных рахункаў былі накіраваны ў дэпартамент фінансавых расследаванняў.

Собалева заявіла, што акт падатковай праверкі можа быць пералічаны, калі будуць пададзены дакументы, якія пацвярджаюць, што грошы на рахунках Бяляцкага не з`яўляюцца даходам.

Начальнік упраўлення разліковых сродкаў Нацбанка Наталля Пашкоўская лічыць, што выпіскі з банкаўскіх рахункаў павінны абавязкова завярацца пячаткай і подпісам банка. На выпісках рахункаў Бяляцкага подпісаў і пячатак няма. Аднак, паводле яе слоў, замежныя банкі не завяраюць інвойсы, якія выстаўляюцца для аплаты.

З 13.00 да 14.00 у судзе аб`яўлены перапынак.

Слуханні ўзнавіліся са спазненнем на 40 хвілін. У суд выкліканы сведка — беларускі праваабаронца Барыс Зваскоў. Ён заявіў, што раней меў рахунак у Літве, аднак сем гадоў таму яго закрыў. Зараз Зваскоў знаходзіцца на пенсіі, шмат хварэе і не атрымліваў ніякіх сродкаў з рахунку Алеся Бяляцкага.

Пракурор Сайкоўскі знайшоў у матэрыялах справы дакументы, згодна з якімі Зваскоў атрымаў з замежных рахункаў Бяляцкага перавод на 8 тысяч еўра. Аднак сведка заявіў, што такога пераводу не атрымліваў. Гэтыя звесткі Зваскоў лічыць сфабрыкаванымі.

Сведка Андрэй Палуда, праваабаронца з Бялыніч, заявіў, што знаёмы з Бяляцкім і атрымліваў ад яго грошы на праваабарончую дзейнасць. За ўсе атрыманыя сродкі ён пісаў справаздачы, але гэтыя грошы не з`яўляліся прыбыткам ні яго, ні Бяляцкага, падкрэсліў сведка. На большасць пытанняў пракурора Палуда адказваць адмовіўся на падставе артыкула 27 Канстытуцыі, якая дае чалавеку права не сведчыць супраць сябе.

Чарговы сведка, Таццяна Равяка, не адмаўляе, што атрымлівала сродкі ад Бяляцкага на ажыццяўленне праваабарончай дзейнасці. Пракурор паказаў ёй раздрукоўку, у якой указана, што Равяка атрымлівала пераводы з банкаўскага рахунку Бяляцкага. У адказ на гэта Равяка заўважыла, што ў раздрукоўцы яе прозвішча напісана не так, як у пашпарце. У сувязі з гэтым сведка дапусціла, што атрымальнікам пераводаў, магчыма, з`яўлялася не яна. Праваабаронца падкрэсліла, што знаёма з Бяляцкім ужо 20 гадоў. У той час, паведаміла яна, падсудны быў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску, а яна — супрацоўніцай гэтага музея. Зараз Равяка з`яўляецца прэзідэнтам арганізацыі "Дом правоў чалавека" ў Літве.

Гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў заявіў, што атрымліваў грошы ад Бяляцкага на праваабарончую дзейнасць. Пры гэтым ніякіх узнагароджанняў за сваю працу ён не атрымліваў, ніякіх прыбыткаў ні ён, ні Бяляцкі з гэтых сродкаў не мелі. Сазонаў таксама скарыстаўся артыкулам Канстытуцыі, які дазваляе яму не сведчыць супраць сябе, і на некаторыя пытанні дзяржабвінаваўцы адказваць адмовіўся.

Пракурор паказаў Сазонаву пераклад раздрукоўкі з польскага банка, дзе некалькі разоў указана яго прозвішча. У адказ Сазонаў заявіў, што не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтыя дакументы, бо бачыць іх упершыню.

Сведка з Магілёва Аляксей Колчын таксама скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам не адказваць на некаторыя пытанні дзяржабвінаваўцы.

Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, у сваю чаргу, скарысталася правам не сведчыць у дачыненні да мужа і ад давання паказанняў адмовілася.

Яшчэ адна сведка, Алена Лапцёнак, пацвердзіла, што атрымлівала ад Бяляцкага сродкі на праваабарончую дзейнасць і пісала справаздачы аб іх выкарыстанні, аднак паведамляць падрабязнасці адмовілася, спаслаўшыся на вышэйназваны артыкул Канстытуцыі.

Варта зазначыць, што Лапцёнак прыйшла ў суд у майцы з партрэтам падсуднага і надпісам "Свабоду Бяляцкаму!", і спачатку яе не хацелі пускаць у залу пасяджэнняў. Затым сведку пусцілі, папярэдне прымусіўшы яе апрануць кофту. Пасля давання паказанняў Лапцёнак кофту зняла, і прысутныя ўбачылі майку. Зал апладзіраваў.

Паводле просьбы пракурора абвешчаны перапынак да 17.00.

Пасля кароткага перапынку пачалося даследаванне матэрыялаў крымінальнай справы. Пры гэтым абаронца Бяляцкага Дзмітрый Лаеўскі лічыць, што неабходна таксама даследаваць і дакументы, якіх у матэрыялах справы няма. У прыватнасці мытныя дэкларацыі, якія запаўняў Бяляцкі падчас перасячэння мяжы. Суддзя Сяргей Бандарэнка заявіў, што такія паперы могуць быць атрыманы не раней за сераду, 9 лістапада. Адвакат адказаў, што будзе дастаткова даведкі з мытні пра тое, што Бяляцкі не перавозіў у Беларусь буйных сум грошай.

Пакуль жа суд вырашыў пачаць даследаванне матэрыялаў, якія ўжо ёсць у справе.

Пракурор абвясціў дакументы следства, падатковай інспекцыі, дэкларацыі аб падатках Бяляцкага, банкаўскія раздрукоўкі.

У суддзе аб`яўлены перапынак да 10.00 4 лістапада.
Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН