Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/11/17/510744_510753/
Дата раздрукоўкі: 05.12.2020 09:15
17.11.2011 11:49 Палітыка

Завербаваны КДБ студэнт журфака БДУ павінен быў устанавіць вірусную праграму на камп'ютары актывістаў беларускай апазіцыі

Мінск, 17 лістапада. Студэнт 2-га курсу журфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Максім Чарняўскі, які ўцёк з Беларусі, расказаў падрабязна аб тым, як яго вербаваў беларускі Камітэт дзяржбяспекі.

У інтэрв'ю расійскаму часопісу The New Times Чарняўскі паведаміў, што ўпершыню яго выклікалі ў КДБ на "прафілактычную гутарку" 13 ліпеня 2011 года, пасля таго як ён стаў адміністратарам супольнасці "Надакучыў нам гэты Лукашэнка" ў сацыяльнай сетцы "УКантакце". "Пасля пяцігадзіннай гутаркі я, каб ад мяне адчапіліся, даў згоду супрацоўнічаць. Пасля гэтага паўтара месяцы сапраўды ніхто не кранаў, — расказаў Чарняўскі. — З пачатку верасня супрацоўнік КДБ сустракаўся са мной раз, а часам два разы на тыдзень. Апрацоўваў мяне, ціснуў, прапаноўваў розныя заданні".

У прыватнасці, адзначыў Чарняўскі, ён павінен быў паехаць за мяжу і "ўвайсці ў давер да апазіцыйных лідараў, устанавіць ім на камп'ютары спецыяльна распрацаваны вірус, катацца па замежных семінарах, каб зліваць адтуль інфармацыю КДБ, увайсці ў апазіцыйную арганізацыю "Малады фронт" і стукаць на іх".

Паводле слоў Чарняўскага, каб яго выпусцілі з краіны, ён зрабіў выгляд, што згаджаецца на ўмовы КДБ і гатовы паехаць у Польшчу да каардынатара грамадзянскай інтэрнэт-кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаслава Дыянава і ўстанавіць на яго камп'ютар вірусную праграму. "КДБ аплаціў мне візу і даў грошай на дарогу і на білеты. Як толькі я апынуўся за мяжой — у Літве, таму што па плане я павінен быў ехаць у Польшчу праз Літву, так танней, — я разарваў дагавор аб супрацоўніцтве з КДБ", — сказаў Чарняўскі.

Ён адзначыў, што паказаў спецыялістам вірусную праграму, якую атрымаў ад КДБ. "Крутым "вірусам" з КДБ апынулася відазмененая камерцыйная праграма для аддаленага кіравання камп'ютарам. Мабыць, IT-аддзел КДБ атрымаў някепскія грошы на распрацоўку віруса, а потым узяў і проста спёр ужо гатовую праграму. Толькі іконку памянялі. Забаўна: вірус маглі распазнаць бытавыя антывірусы, так што мне некалькі разоў нагадалі: перад інсталяцыяй антывірусы трэба адключыць", — сказаў Чарняўскі.

Ён таксама заявіў, што "вярбоўка любых палітычна актыўных людзей у Беларусі ўжо пастаўлена на паток". "Ледзь ты неяк праявіш свае апазіцыйныя погляды — цябе неадкладна паспрабуюць завербаваць. Або запужаць. Яны трымаюцца ў першую чаргу на аўтарытэце страху. Але, напрыклад, мне ўдалося паказаць, што там працуюць не такія ўжо страшныя мацёрыя профі: бо іх змог абдурыць васямнаццацігадовы студэнт", — сказаў Чарняўскі.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя гады ён не мае намеру вяртацца ў Беларусь, а плануе прадоўжыць вучобу ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239