Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/11/22/by_media_raeuski/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2020 17:58
22.11.2011 16:49 Відэа, Грамадства

Генадзь Гарбук: У сваіх спектаклях Валерый Раеўскі змагаўся за гонар, за праўду, за справядлівасць

22 лістапада ў сталічным Доме літаратара прайшла цырымонія развітання з народным артыстам Беларусі Валерыем Раеўскім, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Праводзіць у апошні шлях выдатнага дзеяча культуры Беларусі прыйшлі некалькі соцень чалавек. На грамадзянскай паніхідзе прысутнічаў міністр культуры Павел Латушка.

"Яго спектаклі — гэта з'ява ў нашым тэатральным мастацтве, як і сам гэты чалавек. Ён заўсёды знаходзіўся ў авангардзе, ён быў смелай асобай, браў на сябе новае, ішоў наперадзе. Ён быў сапраўдным лідарам у нашым нацыянальным тэатральным мастацтве", — адзначыў Латушка. Пастаўленыя майстрам спектаклі "ўвайшлі ў залаты скарб беларускага тэатра".

Мастацкі кіраўнік тэатра "Хрыстафор" Яўген Крыжаноўскі назваў Валерыя Раеўскага сваім "творчым бацькам". "У 1977-м годзе Валерый Мікалаевіч запрасіў мяне ў трупу тэатра імя Купалы. Я адпрацаваў там 12 гадоў. Ён зрабіў мяне артыстам. А у 1986-м годзе менавіта ён дабраславіў мяне на стварэнне тэатра "Хрыстафор". З ім сышла эпоха. Прыйдуць іншыя рэжысёры, але такога ўжо не будзе", — лічыць Крыжаноўскі.

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук заўважыў, што першым спектаклем Раеўскага быў "Хачу жыць чэсна" паводле аповесці Уладзіміра Вайновіча. Гэты спектакль так і не ўбачыў свет, таму што пісьменнік у тыя часы лічыўся дысідэнтам. Але прынцыпу "хачу быць чэсным", паводле слоў Гарбука, Раеўскі быў адданы ўсё сваё жыццё. "Ён быў апазіцыянер. Ён змагаўся. Змагаўся за гонар, за праўду, за справядлівасць ва ўсіх сваіх спектаклях. Гэта я маю права сказаць, таму што быў заняты амаль ва ўсіх яго спектаклях. Лепшыя мае ролі — у яго спектаклях. Ён быў чэсным, заставаўся чэсным у працы і будзе такім на ўвесь час у маёй душы і ў маім сэрцы", — сказаў Гарбук.

Пасля заканчэння цырымоніі развітання адбылося пахаванне народнага артыста Беларусі на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы.

Валерый Раеўскі памёр 19 лістапада на 73-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы.
Відэа Васіля Семашка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН