Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2011/12/01/by_media_vyshe_neba_v/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 09:51
01.12.2011 16:28 Відэа, Грамадства

Першы прома-ролік беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба" паказалі ў Дзень барацьбы са СНІДам

1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, стваральнікі першага беларускага маладзёжнага серыяла "Вышэй за неба" паказалі першыя кадры знятага кінаматэрыялу.

Першы двухмоўны фільм (героі размаўляюць па-руску і па-беларуску) пра сучасную беларускую моладзь і культуру "Вышэй за неба" здымаецца ў межах праграмы развіцця ААН пры супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на сродкі гранту Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. Рэжысёрам праекта выступіў Дзмітрый Марынін.

У першы ролік, які стваральнікі назвалі "ролікам знаёмства", увайшлі кадры ўсяго некалькіх дзён здымкаў, якія паказваюць перадгісторыю асноўнага сюжэту. У ім задзейнічаныя два галоўныя героі фільма: Леанід Пашкоўскі, выканаўца ролі Мікіты, і Вераніка Барцэвіч, выканаўца ролі Юлі.

Паводле слоў аўтара сцэнарыя і крэатыўнага прадзюсара праекта Андрэя Курэйчыка, натурныя здымкі ўжо завяршыліся, а наступны блок здымачнага працэсу працягнецца ў памяшканнях. Курэйчык паведаміў, што знята ўжо дзве трэція неабходнага матэрыялу.

Раскрываць сюжэтныя тайны праекта стваральнікі першага беларускага маладзёжнага серыяла не спяшаюцца. Вядома толькі, што "Вышэй за неба" прадставіць гледачам гісторыю жыцця і кахання мінскага студэнта Мікіты Міцкевіча.

На працягу найбліжэйшых месяцаў выйдуць новыя трэйлеры і кліпы праекта "Вышэй за неба". Заканчэнне здымак чакаецца да Новага года. Прэм`ера запланавана на канец лютага 2012 года.

Відэа БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН