Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/01/07/521437_by889/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:46
07.01.2012 07:00 Грамадства

Праваслаўныя святкуюць Раство

Мінск, 7 студзеня. Праваслаўныя Беларусі святкуюць Нараджэнне Хрыстовае. Урачыстыя набажэнствы прайшлі 7 студзеня ва ўсіх праваслаўных храмах краіны.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі звярнуўся да вернікаў з традыцыйным святочным пасланнем.

"Нараджэнне Хрыстова — гэта крок найвялікшага даверу да чалавечага роду, — адзначае кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ). — Бог становіцца дзіцяткам, дазваляе юнай Марыі трымаць Сябе на руках, даручае Сябе клопату састарэлага Іосіфа і многіх іншых людзей, якія былі вакол Яго. Нараджэнне Хрыстова дакарае сумленне кожнага з нас пытаннем: чым адкажаш на такі давер ты, чалавек?"

"Нам трэба пачуць гэтае пытанне ў абставінах уласнага жыцця, — гаворыцца ў пасланні. — Кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос заклікае быць паўнавартаснай асобай, тым, хто зможа перамяніць малую частку навакольнага свету. Галоўная сіла, здольная дапамагчы грамадству ў цяжкі час, — гэта сіла богападобнай асобы, чалавека. Наша адказнасць заключаецца ў тым, каб пражываць сваё жыццё як зваротны дар Хрысту, Які цяпер нарадзіўся. Гэта азначае, што мы закліканы да годнай і добрасумленнай працы, чулага і ўважлівага стаўлення адзін да аднаго, пакаяння і шчырай малітвы да Бога".

"Дай Бог, каб у новым годзе мы памяталі, куды нам ісці. Каб наш шлях асвятляўся святлом Каляднай зоркі, якая дапамагае бачыць цуд там, дзе зайздрасць і злосць Ірада намагаюцца вынішчыць чалавечы, асабовы пачатак. Са святам, дарагія браты і сёстры! З Раством Хрыстовым! Няхай захавае Гасподзь Сваёй благадаццю ўсё добрае, што нараджаецца ў нашых сэрцах, каб у гэты дзень мы змаглі ад шчодрасці сэрца вынесці насустрач адзін аднаму мір, радасць і любоў!" — сказана ў святочным пасланні кіраўніка БПЦ.

6—7 студзеня мітрапаліт Філарэт узяў удзел ва ўсяночным няспанні і Божай літургіі ў галоўным праваслаўным храме краіны — мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, а таксама павіншаваў з Раством дзяцей з забруджаных радыяцыяй раёнаў.

У той жа дзень кіраўнік БПЦ сустрэўся ў сталічным Доме міласэрнасці з кіраўніком дзяржавы. "Аляксандр Лукашэнка і ўладыка Філарэт у цёплай нефармальнай абстаноўцы пагутарылі аб духоўным адраджэнні грамадства, аб узаемадзеянні дзяржавы і Беларускай праваслаўнай царквы, аб развіцці хрысціянскай цывілізацыі ў сучасным свеце", — паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Мітрапаліт Філарэт і Аляксандр Лукашэнка таксама абмяняліся падарункамі. Кіраўніку БПЦ быў перададзены ў дар унікальны асобнік Евангелля. Кніга выканана ў даўніх літургічных традыцыях, прызначана для выкарыстання падчас набажэнстваў, тэкст аддрукаваны на царкоўнаславянскай мове, а верхняя і ніжняя вокладкі ўпрыгожаны багатым акладам з чаканкі з выявамі Ісуса Хрыста і чатырох евангелістаў. Падарунак прызначаны для асабістай бібліятэкі Філарэта, які збірае рэдкія і ўнікальныя кнігі. Што было падорана Лукашэнку, яго прэс-служба не ўдакладніла.

Паводле апошніх звестак, у склад Беларускага экзархату РПЦ уваходзяць 11 епархій, 1.555 прыходаў і 34 манастыры. У БПЦ нясуць послух 14 архіерэяў, у тым ліку тры вікарыі, 1.485 святароў, 166 дыяканаў.

У экзархаце дзейнічаюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская і Віцебская духоўныя семінарыі, Мінскае, Слонімскае і Віцебскае духоўныя вулічышчы, 654 нядзельныя школы, больш за 100 царкоўных арганізацый, якія займаюцца сацыяльнай дзейнасцю.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН