Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/01/16/523039_523058/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:42
16.01.2012 15:38 Грамадства, Палітыка

Беларускі катынскі спіс існуе, заяўляе гісторык Ігар Кузняцоў

Мінск, 16 студзеня. Беларускі катынскі спіс існуе, заявіў гісторык Ігар Кузняцоў 16 студзеня ў Мінску на пасяджэнні круглага стала "Палітычныя рэпрэсіі: гісторыя і сучаснасць".

Беларускі катынскі спіс — дакумент, што ўтрымлівае імёны не менш як 3.870 палякаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспаспяхова дабіваецца ад Расіі, каб гэты спіс быў знойдзены.

На прэс-канферэнцыі 23 снежня Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб існаванні беларускага катынскага спісу, заявіў: "Мы паднялі ўсе архівы, і не толькі КДБ — усіх дзяржаўных структур. У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было. У нас аказаліся толькі перасыльныя пункты. Палякі, якія праходзілі праз іх, канцэнтраваліся, па-мойму, у асноўным у Расіі і, магчыма, ва Украіне. Ніводнага польскага грамадзяніна не было расстраляна, знішчана на беларускай зямлі ў тыя часы".

"Сярод афіцыйна рэабілітаваных (з тых, хто былі расстраляныя ў Мінску) — 5.772 прозвішчы, якія нам вядомыя. 20% з іх палякі. Гэта звесткі КДБ, даныя Вярхоўнага суда, гэта тыя, якія праходзілі працэс афіцыйнай рэабілітацыі", — зазначыў Кузняцоў.

"Сёння маўчаць пра гэта, нават праз 75 гадоў, гэта значыць зневажаць тых, хто загінуў. Аказваецца, беларускага спісу наогул няма, ніводнага паляка не было забіта на тэрыторыі Беларусі! Але наогул сёння інфармацыю ўтаіць абсалютна немагчыма. Ёсць украінскія спісы, ёсць расійскія. Урэшце рэшт, для тэлеканала "Белсат" мы летась стварылі фільм са спасылкай нават на дакументы ФСБ, што гэты спіс ёсць. Дзе ён знаходзіцца — у Маскве або знішчаны ў Беларусі — не надта важна, трэба прызнаць існаванне гэтага факта", — заявіў Кузняцоў.

Нагадаем, раней польская газета Rzeczpospolita абвергла заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што НКУС не расстрэльваў палякаў на тэрыторыі Беларусі.

Як зазначае Rzeczpospolita, "гэта з'яўляецца апошняй катынскай тайнай". "НКУС забіў у Беларусі 3.782 палякі, якія знаходзіліся ў той час у турмах на тэрыторыі БССР. Па сённяшні дзень невядомыя звесткі пра тых людзей, а таксама месца іх расстрэлу і пахавання", — гаворыцца ў артыкуле.

Прафесар Войцэх Мацерскі заявіў польскаму выданню: "Гэта не толькі падман, але і бязмежная крывадушнасць. Лукашэнка выкарыстоўвае польскую трагедыю ў гульні з Масквой. Калі ён сварыўся з Крамлём, то намякаў, што аддасць палякам спіс. Зараз жа, калі ён дамовіўся з Масквой, зноў забыўся пра гэты спіс".

Яшчэ адзін польскі гісторык Збігнеў Сямашка назваў заявы беларускага прэзідэнта "поўнай лухтой". Паводле яго слоў, з савецкіх дакументаў вядома пра расстрэл палякаў у Беларусі, таму што мінскі НКУС атрымаў з Масквы расстрэльныя загады.

"Мяркуецца, што іх расстралялі і пахавалі ў Курапатах або іншым сакрэтным месцы НКУС. Вось ужо 20 гадоў расійскае кіраўніцтва не хоча перадаць палякам адпаведныя дакументы па гэтай справе. Гісторыкі мяркуюць, што ў Беларусі можа захоўвацца копія. Пра гэта сведчаць украінскія матэрыялы: у Кіеве захавалася копія ўкраінскага спісу, якую афіцыйны Кіеў перадаў палякам. Больш за тое, савецкі НКУС вёў вельмі дакладную дакументацыю сваіх злачынстваў, таму словы Лукашэнкі не заслугоўваюць даверу", — зазначае Rzeczpospolita.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН