Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/02/01/526535_526539/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 10:49
01.02.2012 18:58 Эканоміка, Фінансы

Кампанія EPAM Systems аб'явіла пра пачатак IPO

Мінск, 1 лютага. Кампанія — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій EPAM Systems, якая выступае найбуйнейшым распрацоўшчыкам праектнага праграмнага забеспячэння ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, аб'явіла пра пачатак першаснага публічнага размяшчэння акцый (IPO).

Як паведамляе EPAM, для продажу будуць прапанаваны 1.517.647 акцый, што належаць самой кампаніі, і 5.882.353 акцый, якімі валодаюць іншыя акцыянеры EPAM Systems. Акрамя таго, кампанія выдзеліць андэррайтарам апцыён на куплю да 1.110.000 дадатковых акцый на працягу 30 дзён з моманту размяшчэння ў выпадку перавышэння заявак над прапановай. Паводле папярэдніх ацэнак, кошт адной акцыі EPAM складзе ад 16 да 18 долараў ЗША.

Пляцоўкай для правядзення IPO абрана Нью-Ёркская фондавая біржа (NYSE), у каціравальным спісе якой кампанія будзе фігураваць пад знакам EPAM.

Прыцягнутыя падчас IPO сродкі кампанія плануе накіраваць на дасягненне агульнакарпаратыўных мэтаў, такіх як павелічэнне аб'ёмаў абаротных сродкаў, развіццё вытворчай інфраструктуры, а таксама на інвестыцыі ў новыя тэхналогіі і набыццё кампаній, што дазволіць EPAM Systems пашырыць спектр прапаноў для кліентаў. Кампанія не атрымае даходу ад продажу акцый дзейнымі акцыянерамі.

Арганізатарамі размяшчэння акцый EPAM і букранерамі з'яўляюцца Citigroup, UBS Investment Bank, Barclays Capital і "Рэнесанс Капітал", у якасці суарганізатараў выступаюць інвестыцыйныя банкі Stifel Nicolaus Weisel і Cowen and Company.

Даведка БелаПАН. Заснаваная ў 1993 годзе, кампанія EPAM Systems з'яўляецца найбуйнейшым пастаўшчыком паслуг у сферы ІТ з аддзяленнямі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. EPAM Systems працуе з кліентамі па ўсім свеце, выкарыстоўваючы глабальную мадэль аказання паслуг. Аддзяленні кампаніі размешчаны ў ЗША, Беларусі, Венгрыі, Расіі, ва Украіне, у Вялікабрытаніі, Германіі, Казахстане, Швецыі, Швейцарыі і Польшчы.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239