Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/02/07/by_media_eu_pen_v1/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:40
07.02.2012 18:34 Відэа, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Задача прэміі імя Ежы Гедройца — дапамагчы беларускім пісьменнікам адважыцца пісаць па-беларуску

Задача Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца — дапамагчы беларускім пісьменнікам адважыцца пісаць па-беларуску. Пра гэта 7 лютага на прэзентацыі намінантаў прэміі заявіў пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.

Паводле слоў Шарэпкі, беларускі рынак для пісьменніка малы, таму пры выбары мовы твора ён часта выбірае рускую ў разліку на аўдыторыю ў 160—170 мільёнаў чалавек, што дазволіць яму атрымліваць істотны даход, які дазваляе нябедна жыць.

"Калі рынак складае ўсяго некалькі мільёнаў чалавек, прычым чытаюць з яго не ўсе, трэба быць нейкім экстрэмалам, каб пісаць па-беларуску. Асабліва, калі няма актыўнага ўдзелу ў гэтым працэсе дзяржавы", — заявіў пасол.

Ён адзначыў, што ў еўрапейскіх краінах таксама існуюць малалікія нацыянальнасці, аднак там дзяржава плаціць пісьменнікам, якія пішуць на мовах гэтых нацыянальнасцяў, стымулюючы цікавасць да не самых папулярных у Еўропе моў.

"Наша задача — каб для добрага пісьменніка не было розніцы, на якой мове пісаць. Калі мы падкінем грошай, магчыма, пісьменніку будзе лягчэй адважыцца пісаць па-беларуску", — сказаў Шарэпка.

У сваю чаргу кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч выказаў падзяку польскаму боку за тое, што ён "адважыўся на гэта". "Думаю, гэта было няпростае рашэнне, улічваючы нашу сітуацыю. Асабліва значна, што адзначацца будзе праца празаікаў, якія заўсёды быццам бы заставаліся ўбаку. Паэтаў жа ў нас заўсёды заўважалі", — падкрэсліў Пятровіч.

У шорт-ліст уключаны Уладзіслаў Ахроменка з творам "Тэорыя змовы"; Альгерд Бахарэвіч з "Малой медычнай энцыклапедыяй Бахарэвіча"; Павал Касцюкевіч з кнігай "Зборная РБ па негалоўных відах спорту"; Артур Клінаў з творам "Шалом: ваенны раман"; Аляксандр Лукашук з кнігай "След матылька. Освальд у Мінску"; Андрэй Федарэнка з творам "Мяжа".

Прэмія складае 105 млн. рублёў. Прадугледжана таксама магчымасць апублікаваць свае творы ў выдавецтвах за мяжой.
Відэа Васіля Сямашкі, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН