Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/03/04/533204_533208/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:37
04.03.2012 13:29 Культура

Прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў пісьменнік Павел Касцюкевіч

Мінск, 4 сакавіка. Прэмію імя Ежы Гедройца атрымаў беларускі пісьменнік Павел Касцюкевіч за зборнік апавяданняў "Зборная РБ па негалоўных відах спорту".

Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў суботу вечарам ў мінскім Палацы мастацтваў і была прымеркавана да Міжнароднага дня пісьменніка, які адзначаецца 3 сакавіка.

"Гэта другая мая прэмія: першую я атрымаў у трэцім класе за трэцяе месца ў конкурсе малюнкаў крэйдай на асфальце", — заўважыў на цырымоніі Касцюкевіч.

Матэрыяльная частка прэміі складае 105 мільёнаў беларускіх рублёў. Апрача таго, прэмія дае магчымасць лаўрэату апублікаваць свае творы ў замежных выдавецтвах.

Касцюкевіч заявіў аб намеры перадаць частку прэміі сям`і віцебскага апазіцыянера Сяргея Каваленкі, асуджанага нядаўна на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі, у якога на ўтрыманні знаходзяцца двое непаўналетніх дзяцей.

Усяго на прэмію Ежы Гедройца былі намінаваныя шэсць беларускіх пісьменнікаў: Уладзіслаў Ахроменка ("Тэорыя змовы"); Альгерд Бахарэвіч ("Малая медыцынская энцыклапедыя Бахарэвіча"); Павел Касцюкевіч ("Зборная РБ па негалоўных відах спорту"); Артур Клінаў ("Шалом: ваенны раман"); Аляксандр Лукашук ("След матылька. Освальд у Мінску") і Андрэй Федарэнка ("Мяжа").

Другое месца заняў Альгерд Бахарэвіч, трэцяе — Андрэй Федарэнка.

Заснавальнікамі прэміі імя Ежы Гедройца з`яўляюцца пасольства Польшчы, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

У склад журы ўваходзілі пісьменнік Уладзімір Арлоў, філосаф Валянцін Акудовіч, кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч, літаратурны крытык Людміла Рублеўская і кіраўнік Польскага інстытута ў Мінску Пётр Казакевіч.
Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН