Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/03/28/538617_538634/
Дата раздрукоўкі: 08.12.2019 06:43
28.03.2012 12:52 Культура

Аляксандр Гарцуеў прызначаны мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі

Мінск, 28 сакавіка. Міністэрства культуры ўзгадніла прызначэнне мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускага драматургіі (РТБД) Аляксандра Гарцуева.

Як паведамляе прэс-служба Мінкульта, кандыдатуру Гарцуева на пасаду мастацкага кіраўніка тэатра вылучыў вядомы акцёр Ігар Сігаў, які ў канцы мінулага тыдня, 23 сакавіка, заняў пасаду дырэктара тэатра.

Аляксандр Гарцуеў пасля заканчэння ў 1980 годзе акцёрскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў акцёрам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

У 1994 годзе на сцэне РТБД паставіў свой першы спектакль — "Чорны квадрат".

У 2000 годзе Гарцуеў скончыў рэжысёрскае аддзяленне Расійскай акадэміі тэатральнага мастацтва і прайшоў стажыроўку пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра Леаніда Хейфеца.

З 2000 года працаваў рэжысёрам Купалаўскага тэатра.

Гарцуеў з'яўляецца рэжысёрам многіх спектакляў, сярод якіх — "Івона, прынцэса Бургундская" (Вітольд Гамбровіч), "Дзеці Ванюшына" (Сяргей Найдзёнаў), "Хам" (Эліза Ажэшка), "Не мой" (Алесь Адамовіч), "Людзі на балоце" (Іван Мележ).

Аляксандр Гарцуеў таксама выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дзе ў 2008 годзе выпусціў курс маладых рэжысёраў драматычнага тэатра.

Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН