Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/05/04/eu_546784_546790/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 07:29
04.05.2012 13:27 Спорт

У бундэстагу распрацавана рэзалюцыя, якая заклікае перанесці хакейны чэмпіянат свету 2014 года з Беларусі

Мінск, 4 мая. Федэральны сход Германіі (бундэстаг) распрацаваў рэзалюцыю з заклікам байкатаваць хакейны чэмпіянат свету 2014 года, які павінен адбыцца ў Мінску, паведамляе нямецкае выданне Sueddeutsche Zeitung.

Паводле інфармацыі крыніцы выдання, праект рэзалюцыі з заклікам перанесці першынство ў іншую краіну распрацавалі фракцыі сацыял-дэмакратаў (СДПГ) і "Зялёных", да работы над праектам далучыліся і іншыя дэпутаты.

У рэзалюцыі яны заклікаюць звярнуцца да федэрацыі хакея Германіі, каб тая, у сваю чаргу, выступіла за адмену чэмпіянату свету ў Беларусі на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), які пройдзе ў маі ў Хельсінкі.

Заявы аб неабходнасці пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі сталі з`яўляцца пасля жорсткага разгону 19 снежня 2010 года ў Мінску апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

У сярэдзіне красавіка, каментуючы для БелаПАН інфармацыю аб тым, што пытанне аб пераносе чэмпіянату свету 2014 года ўключана ў парадак майскага пасяджэння кангрэсу, дырэктар IIHF па сувязях з грамадскасцю Сайман Шэмберг падкрэсліў, што "кожны з 70 членаў IIHF будзе мець магчымасць узняць пытанне аб правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі. І, калі пытанне будзе ўзнята, рашэнне па ім будзе прымаць кангрэс".

Месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі мянялася толькі аднойчы: пасля таго як у 1968 годзе Савецкі Саюз акупаваў Чэхаславакію, вясновы чэмпіянат свету 1969 года, які планаваўся ў Празе, быў перанесены ў Стакгольм.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН