Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/06/11/554604_554623/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 10:08
11.06.2012 16:24 Культура, Грамадства

Размяшчэнне ў інтэрнэце фільма "Вышэй за неба" Андрэй Курэйчык назваў рэвалюцыяй у сістэме пракату беларускага кіно

Мінск, 11 чэрвеня. Размяшчэнне ў інтэрнэце фільма "Вышэй за неба" сцэнарыст карціны Андрэй Курэйчык, вядомы беларускі драматург і рэжысёр, назваў рэвалюцыяй у сістэме пракату айчыннага кіно.

Са спасылкай на звесткі сайта Youtube, торэнты, анлайн-кінатэатры і файлаабменнікі Курэйчык паведамляе, што за тры дні рабочую версію фільма "Вышэй за неба" прагледзелі больш як 40.000 гледачоў. "Гэта больш гледачоў, чым сабрала ў кінатэатрах усё беларускае кіно (мастацкае, дакументальнае і анімацыйнае) за ўвесь 2011 год", — цытуе рэжысёра яго прэс-служба.

"Людзі, якія размясцілі фільм "Вышэй за неба" ў сетцы інтэрнэт, зрабілі рэвалюцыю ў сферы сістэмы пракату беларускага кіно", — мяркуе Курэйчык. Праект "Вышэй за неба" ён расцэньвае як "адзін з самых паспяховых рэлізаў айчыннага ігравога кіно за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі".

"Усе скаргі і "Беларусьфільма", і Мінкульта, і пракатных арганізацый гавораць пра тое, што яны пакуль проста не могуць прапанаваць гледачу актуальнае, сучаснае, вострае беларускае кіно. Больш як 40 тысяч праглядаў і спампоўванняў за выхадныя, якія паказаў "Вышэй за неба", можна параўнаць з расійскімі фільмамі-лідарамі: "Ёлкі 2" — 77 тысяч гледачоў, "Высоцкі. Дзякуй, што жывы" — 90 тысяч за ўвесь пракат у Беларусі. Гэта гаворыць пра найвышэйшы патэнцыял беларускага кіно на айчынным рынку", — упэўнены сцэнарыст і рэжысёр.

Варта зазначыць, што сёння Праграма развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь заявіла пра незаконнасць распаўсюджання ў інтэрнэце версіі фільма "Вышэй за неба".

У заяве падкрэслівалася: ПРААН з`яўляецца замоўцам і выключным праваўладальнікам фільма, а "версія фільма, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, створана на аснове незаконна прысвоеных матэрыялаў і не адпавядае зацверджанаму сцэнарыю".

Праграма развіцця ААН таксама абвергла "заявы, якія распаўсюджвае сцэнарыст фільма "Вышэй за неба" Андрэй Курэйчык у СМІ, пра нібыта існую цэнзуру фільма і пра ўяўныя парушэнні ў дачыненні да яго з боку ПРААН".

Праца над серыялам "Вышэй за неба", мэта якога — прыцягнуць увагу моладзі да праблемы ВІЧ/СНІД, завяршылася яшчэ зімой. Здымачная група на чале з Курэйчыкам самастойна змантавала поўнаметражную версію фільма, якая, на погляд кінематаграфістаў, "адлюстроўвае мастацкую і эстэтычную канцэпцыю сцэнарыста і рэжысёра". У красавіку здымачная група пры дапамозе відэароліка папрасіла ПРААН дазволіць паказаць гледачам поўнаметражную версію карціны, аднак чаканай рэакцыі не было.

Пасля таго як у канцы мінулага тыдня рабочая версія фільма з`явілася ў інтэрнэце, аўтарская група фільма "Вышэй за неба" публічна заявіла пра сваю недатычнасць да гэтага.

"Мы шкадуем, што ў сетку трапіла не фінальная версія фільма, а толькі этап працы над ім. Нам цяжка меркаваць, хто можа стаяць за гэтай публікацыяй, таму што гэта копія была на руках у вялікай колькасці людзей з ліку творчай групы, акцёраў, журналістаў, крытыкаў і фестывальных менеджараў", — гаварылася ў заяве групы.

Аўтары заявы падкрэслівалі, што не ўхваляюць такіх дзеянняў, але пры гэтым не маюць намеру "перашкаджаць распаўсюджанню фільма ў сетцы". "Мы спадзяемся, што і ПРААН не выбера шлях знішчэння мастацкага твора, задушэння творчасці і рэпрэсій супраць творчых людзей, што, вядома, прывяло б да канчатковай палітызацыі праекта "Вышэй за неба", — заявілі стваральнікі фільма. На іх думку, "сітуацыя з фільмам "Вышэй за неба" была штучна заведзена ў тупік асобнымі супрацоўнікамі Праграмы развіцця ААН у Беларусі".
Сяргей Пульша, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН