Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/07/09/eu_eu_560366_560370/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:15
09.07.2012 18:35 Эканоміка, Беларусь — Eўрасаюз

Кампаніі беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага з ліпеня атрымалі доступ на малочны рынак Еўрасаюза

Мінск, 9 ліпеня. 18 чэрвеня пастаянны камітэт Еўрапейскага саюза па харчовым ланцугу і здароўі жывёл дазволіў пастаўкі сырога малака і малочных прадуктаў з Беларусі на рынак ЕС чатыром беларускім кампаніям, паведамляе сайт пасольства Беларусі ў Нідэрландах.

"Пачынаючы з 1 ліпеня 2012 года экспартныя ліцэнзіі даюцца ААТ "Верхнядзвінскі масласыраробны завод", СП "Санта Брэмар", ААТ "Бярозаўскі сыраробны камбінат" і ААТ "Савушкаў прадукт". У 2009—2011 гадах на гэтых прадпрыемствах еўрапейскія эксперты арганізавалі некалькі сур'ёзных праверак і правялі атэстацыю на адпаведнасць кампаній нормам ЕС па бяспецы харчовых прадуктаў", — гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Неабходна адзначыць, што тры з чатырох кампаній, якія атрымалі допуск на малочны рынак ЕС, маюць дачыненне да бізнесмена Аляксандра Машэнскага: "Санта Брэмар" і "Савушкаў прадукт" з'яўляюцца асноўнымі актывамі Машэнскага, таксама прадстаўлены яго інтарэс і ў Бярозаўскім сыраробным камбінаце.

Цікава, што яшчэ пару тыдняў таму Машэнскаму прадказвалі траплянне ў "чорны" спіс ЕС. Напрыклад, друкаваны орган Еўрасаюза выданне EUobserver называў брэсцкага бізнесмена сярод тых, каго могуць закрануць санкцыі, паколькі Машэнскі "адыграў важную ролю ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і стаў трэцім па ўплывовасці алігархам пасля Пефціева і Чыжа". У 2010 годзе бізнесмен уваходзіў у лік давераных асоб кандыдата ў прэзідэнты  Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН