Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/07/22/563083_563084/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 10:27
22.07.2012 11:12 Эканоміка, Грамадства

З касмадрома Байканур стартавала ракета з беларускім спадарожнікам

Мінск, 22 ліпеня. 22 ліпеня ў 9.41 па мінскім часе з касмадрома Байканур стартавала ракета-носьбіт "Саюз-ФГ" з разгонным блокам "Фрэгат" і кластарам з пяці касмічных апаратаў. Гэта расійскія "Канопус-В" і МКА-ФКІ ("Зонд-ПП"), Беларускі касмічны апарат (БКА), германскі TET-1 і канадскі ADS-1B.

Запуск Беларускага касмічнага апарата — другая спроба ўвайсці ў клуб касмічных дзяржаў. Першая была зроблена ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Аднак запуск штучнага спадарожніка Зямлі "БелКА" 26 ліпеня 2006 года, за якім на Байкануры назіраў Аляксандр Лукашэнка, быў няўдалым. Праз 86 секунд пасля старту адмовіў рухавік ракеты-носьбіта "Дняпро", створанай на базе баявой міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-20 "Ваявода" (паводле заходняй класіфікацыі SS-18 "Сатана").

Цяпер для надзейнасці вываду на арбіту кластара з пяці касмічных апаратаў была выбрана ракета-носьбіт "Саюз-ФГ". Апошнім часам на такіх ракетах-носьбітах выводзяцца ўсе пілатаваныя касмічныя апараты, якія павінны быць надзейныя на 200% з-за чалавечага фактару. Змена ракеты-носьбіта — галоўнае, што забяспечвае больш надзейны запуск спадарожніка, сцвярджаюць эксперты.

Напярэдадні старту генеральны дырэктар Усерасійскага навукова-даследчага інстытута электрамеханікі імя Іосіфьяна Леанід Макрыдзенка паведаміў журналістам, што "Канопус-В" і БКА будуць працаваць у адзінай сістэме. "Абодва спадарожнікі створаны ва УНДІ электрамеханікі — два касмічныя апарата-блізнюкі, якія будуць працаваць у адзінай касмічнай сістэме", — цытавала Макрыдзенку РІА Новости. Ён адзначыў, што абодва спадарожнікі зроблены "паводле самых найноўшых тэхналогій". Маса кожнага з іх — прыкладна 400 кг, і па сваіх характарыстыках яны поўнасцю адпавядаюць вышэйшым замежным аналагам.

Гаворачы пра бартавую апаратуру спадарожніка, гендырэктар паведаміў, што "мэтавую нагрузку для іх рабілі ў Беларусі". "Яны аснашчаны тэлескопамі з распазнаваннем 2 м у чорна-белым адлюстраванні і 10 м — у каляровым", — сказаў Макрыдзенка. Збор інфармацыі са спадарожнікаў будзе ажыццяўляцца або ў рэжыме рэальнага часу, або пры праходжанні спадарожнікаў над наземнымі каманднымі пунктамі.

Паводле слоў галоўнага канструктара беларускай касмічнай сістэмы Сяргея Залатога, у адрозненне ад першага пуску шасцігадовай даўніны, калі ў Беларусі была толькі станцыя прыёму інфармацыі, цяпер створана поўнамаштабная структура для кіравання касмічным апаратам.

Як адзначыў Залаты, галоўныя вартасці сумеснай працы Расіі і Беларусі відавочныя: "Каб зняць усю тэрыторыю Беларусі пры дапамозе аднаго апарата, неабходна 80 сутак. Два спадарожнікі зробяць гэта за 40 сутак, прытым што ў Беларусі, згодна са статыстыкай, на год налічваецца ўсяго да 30 сонечных дзён".

Спадарожнікі забяспечаць інфармацыяй усе зацікаўленыя ведамствы, яна будзе выкарыстана і "для вырашэння задач, звязаных з бяспекай" Беларусі, падкрэсліў галоўны канструктар.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239