Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/07/22/563086_563087/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 09:55
22.07.2012 11:32 Эканоміка, Грамадства

Разгонны блок "Фрэгат" выводзіць кластар з пяці спадарожнікаў на мэтавыя арбіты

Мінск, 22 ліпеня. Пуск ракеты касмічнага прызначэння "Саюз-ФГ з разгонным блокам "Фрэгат", прызначанай для вываду на арбіту пяці касмічных апаратаў, выкананы паспяхова, паведамляе прэс-служба Раскосмасу.

У кластары — расійскія "Канопус-В" і МКА-ФКІ ("Зонд-ПП"), Беларускі касмічны апарат (БКА), TET-1 (Германія) і ADS-1B (Канада).

Пуск быў ажыццёўлены 22 ліпеня ў 9.41 па мінскім часе са стартавага комплексу пляцоўкі 31 касмадрома Байканур стартавымі разлікамі прадпрыемстваў ракетна-касмічнай прамысловасці.

У адпаведнасці з цыклаграмай палёту галаўны блок у складзе разгоннага блока "Фрэгат" і блока з пяці касмічных апаратаў штатна адлучыўся ад трэцяй ступені ракеты-носьбіта, пасля чаго разгонны блок працягнуў вывад касмічных апаратаў на мэтавыя арбіты.

Аддзяленне касмічных апаратаў расійскага "Канопус-В", БКА і TET-1 ад разгоннаго блока плануецца з 10.26 па 10.33 па мінскім часе, а МКА-ФКІ ("Зонд-ПП") і канадскага "ADS-1B" — у 12.00.

Згодна з інфармацыяй Раскосмасу, ракета-носьбіт "Саюз-ФГ" прызначана для вываду на калязямную арбіту аўтаматычных касмічных апаратаў сацыяльна-эканамічнага, навукова-даследчага і спецыяльнага прызначэння, а таксама пілатаваных караблёў тыпу "Саюз-ТМА" і грузавых касмічных караблёў тыпу "Прагрэс-М" паводле праграмы Міжнароднай касмічнай станцыі.

"Саюз-ФГ" з'яўляецца далейшай мадыфікацыяй серыйнай ракеты "Саюз". Мадэрнізацыя заключаецца ў выкарыстанні на цэнтральным і бакавых блоках рухавікоў з палепшанымі энергетычнымі характарыстыкамі.

Канструктыўна "Саюз-ФГ" выкананы паводле схемы з паралельным аддзяленнем бакавых ракетных блокаў у канцы працы першай ступені і папярочным аддзяленнем ракетнага блока другой ступені пасля завяршэння яго працы. На першым этапе палёту працуюць рухавікі чатырох бакавых і цэнтральнага блокаў, на другім, пасля аддзялення бакавых блокаў, — толькі рухавік цэнтральнага блока.

Маршавыя рухавікі першай і другой ступеняў "Саюз-ФГ" у параўнанні з рухавікамі "Саюз" маюць павышаныя энергетычныя характарыстыкі за кошт ужывання ў змешвальных галоўках аднакампанентных фарсунак, якія забяспечваюць палепшанае сумесеўтварэнне.

Пацверджаны паказчык эксплуатацыйнай надзейнасці ракеты-носьбіта "Саюз-ФГ" — 0,952.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239