Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/07/22/563118_563119/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 10:09
22.07.2012 14:02 Эканоміка, Грамадства

Раскосмас падаў справаздачу пра вывядзенне на мэтавыя арбіты расійскіх, беларускага, германскага і канадскага касмічных апаратаў

Мінск, 22 ліпеня. 22 ліпеня ў адпаведнасці з цыклаграмай палёту пасля аддзялення ад разгоннага блока "Фрэгат" расійскія касмічныя апараты "Канопус-В", МКА-ФКІ ("Зонд-ПП"), Беларускі касмічны апарат (БКА), TET-1 (Германія ) і ADS-1B (Канада) выведзены на разліковую арбіту. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Федэральнага касмічнага агенцтва РФ (Раскосмас).

Пуск ракеты касмічнага прызначэння "Саюз-ФГ" з разгонным блокам "Фрэгат" і блокам з пяці касмічных апаратаў паспяхова выкананы ў 9.41 па мінскім часе з пляцоўкі 31 касмадрома Байканур стартавымі разлікамі прадпрыемстваў ракетна-касмічнай галіны Расіі.

Раскосмас паведамляе, што БКА ўваходзіць у склад Беларускага касмічнага комплексу дыстанцыйнага зандавання Зямлі, які ствараецца ў адпаведнасці з кантрактам паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ААТ "Карпарацыя "УНДІЭМ". Падставай для заключэння кантракта стала пагадненне паміж НАНБ і Раскосмасам аб ажыццяўленні супрацоўніцтва ў частцы стварэння і запуску беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандавання Зямлі і стварэння беларускага наземнага комплексу кіравання.

Асноўнымі галінамі прымянення інфармацыі, якая атрымліваецца БКА, з'яўляюцца:

- кантроль за землекарыстаннем і сельскагаспадарчай вытворчасцю;

- кантроль прыродных і папаўняльных прыродных рэсурсаў;

- кантроль надзвычайных сітуацый;

- абнаўленне тапаграфічных карт;

- экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.

З мэтай вырашэння гэтых задач БКА забяспечыць здымку паверхні Зямлі ў бачным дыяпазоне спектра электрамагнітнага выпраменьвання і перадачу атрыманых звестак па радыёканалах на наземны комплекс планавання прыёму, рэгістрацыі, апрацоўкі і распаўсюджвання інфармацыі.

Беларускі касмічны апарат створаны ААТ "Карпарацыя "УНДІЭМ" у адзіным праектна-канструктыўным ключы з расійскім спадарожнікам "Канопус-В" і мае падобныя асноўныя тэхнічныя характарыстыкі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239