Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2012/07/22/563121_563122/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 09:45
22.07.2012 14:18 Эканоміка, Грамадства

Пасля другой спробы Беларусь стала членам клуба касмічных дзяржаў (дапоўнена)

Минск, 22 июля. 22 ліпеня 2012 года Беларусь, ажыццявіўшы паспяховы запуск і вывядзенне на працоўную арбіту Беларускага касмічнага апарата (БКА) дыстанцыйнага зандавання Зямлі, увайшла ў клуб касмічных дзяржаў.
Зрабіць гэта краіне ўдалося пасля другой спробы. Першая была ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Аднак запуск штучнага спадарожніка Зямлі "БелКА" 26 ліпеня 2006 года, за якім на Байкануры назіраў Аляксандр Лукашэнка, быў няўдалым. Праз 86 секунд пасля старту адмовіў рухавік ракеты-носьбіта "Дняпро", створанай на базе баявой міжкантынентальнай балістычнай ракеты РС-20 "Ваявода" (паводле заходняй класіфікацыі SS-18 "Сатана"). Таму гэтым разам для надзейнасці была выбрана ракета-носьбіт "Саюз-ФГ". Кіраўнік беларускай дзяржавы на Байканур не паехаў.

Запуск беларускага спадарожніка ў блоку з чатырма касмічнымі апаратамі Расіі, Канады і Германіі быў ажыццёўлены з касмадрома Байканур 22 ліпеня ў 9.41 па беларускім часе. У 10.26 БКА аддзяліўся ад разгоннага блока "Фрэгат", які выводзіў апараты кластара на мэтавыя арбіты. У Мінскім цэнтры кіравання палётам ужо атрымана першая інфармацыя са спадарожніка.

Сярод задач, якія будзе вырашаць БКА, — кантроль надзвычайных сітуацый, абнаўленне тапаграфічных карт, экалагічны маніторынг навакольнага асяроддзя.

Нагадаем, напярэдадні старту генеральны дырэктар Усерасійскага навукова-даследчага інстытута электрамеханікі імя Іосіфьяна Леанід Макрыдзенка паведаміў журналістам, што "Канопус-В" (РФ) і БКА будуць працаваць у адзінай сістэме. "Абодва спадарожнікі створаны ва УНДІ электрамеханікі — два касмічныя апарата-блізнюкі, якія будуць працаваць у адзінай касмічнай сістэме", — цытавала Макрыдзенку РІА Новости. Ён адзначыў, што абодва спадарожнікі зроблены "паводле самых найноўшых тэхналогій". Маса кожнага з іх — прыкладна 400 кг, і па сваіх характарыстыках яны поўнасцю адпавядаюць вышэйшым замежным аналагам.

Гаворачы пра бартавую апаратуру спадарожніка, гендырэктар паведаміў, што "мэтавую нагрузку для іх рабілі ў Беларусі". "Яны аснашчаны тэлескопамі з распазнаваннем 2 м у чорна-белым адлюстраванні і 10 м — у каляровым", — сказаў Макрыдзенка. Збор інфармацыі са спадарожнікаў будзе ажыццяўляцца або ў рэжыме рэальнага часу, або пры праходжанні спадарожнікаў над наземнымі каманднымі пунктамі.

Паводле слоў галоўнага канструктара беларускай касмічнай сістэмы Сяргея Залатога, у адрозненне ад першага пуску шасцігадовай даўніны, калі ў Беларусі была толькі станцыя прыёму інфармацыі, цяпер створана поўнамаштабная структура для кіравання касмічным апаратам.

Як адзначыў Залаты, галоўныя вартасці сумеснай працы Расіі і Беларусі відавочныя: "Каб зняць усю тэрыторыю Беларусі пры дапамозе аднаго апарата, неабходна 80 сутак. Два спадарожнікі зробяць гэта за 40 сутак, прытым што ў Беларусі, згодна са статыстыкай, на год налічваецца ўсяго да 30 сонечных дзён".

Спадарожнікі забяспечаць інфармацыяй усе зацікаўленыя ведамствы, яна будзе выкарыстана і "для вырашэння задач, звязаных з бяспекай" Беларусі, падкрэсліў галоўны канструктар.

У перспектыве Беларусь мае намер нарасціць сваю касмічную групоўку.

Як паведаміў у канцы чэрвеня старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Сяргей Гурулёў, чакаецца, што сёлета будзе падпісаны беларуска-кітайскі кантракт на стварэнне спадарожніка сувязі. Дакумент павінен быць падпісаны з беларускага боку Заводам дакладнай электрамеханікі, з кітайскага — карпарацыяй "Вялікая сцяна", якая выйграла тэндар на стварэнне спадарожніка для Беларусі.

Свае прапановы адносна кантракта беларускі бок накіраваў кітайскаму "Эксімбанку", які пасля падпісання кантракта павінен адкрыць крэдытную лінію. Згодна з кантрактам, спадарожнік павінен быць створаны на працягу трох гадоў. Мяркуецца, што на арбіту ён будзе выведзены кітайскім носьбітам. На працягу шасці месяцаў пасля запуску будзе ажыццяўляцца сумесная кантрольная эксплуатацыя касмічнага апарата, а потым кіраванне ім будзе перададзена беларускаму боку.

Цэнтр кіравання палётам беларускіх касмічных апаратаў дзейнічае ў Аб`яднаным інстытуце праблем інфарматыкі (АІПІ) НАНБ. У Плешчаніцах (Лагойскі раён, 70 км ад Мінска) створаны камандна-вымяральны пункт. Завершана мадэрнізацыя прыёмнай антэны на даху будынка АІПІ НАНБ.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239