Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/02/02/603512/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 22:24
02.02.2013 14:57 Грамадства

У Минску ўручаны прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці — 2012"

Мінск, 2 лютага. Вызначаны пераможцы чацвёртай штогадовай прэміі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці — 2012". Іх імёны былі названыя на урачыстым мерапрыемстве 1 лютага ў Мінску.

Сёлета грамадскімі лідарамі, на думку журы з прадстаўнікоў грамадскіх арганізацыяў, грамадскіх дзеячаў, а таксама экспертаў і мінулагодніх пераможцаў, сталі адразу дзве персоны — журналіст Андрэй Пачобут і былы галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў.

Прэмія за "Крэатыў года" прысуджана "шведскаму дэсанту плюшавых мішак", які быў зладжаны Studio Total. Адмыслова для цырымоніі пілоты Томас Мазэці, Пер Кромвел запісалі зварот для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці.

Пераможцамі ў іншых намінацыях сталі:
"Месца года" — офіс праваабарончага цэнтра "Вясна";
"Кампанія года" — Беларуская антыядзерная кампанія;
"Рэгістрацыя года" — рэгістрацыя прыватнай культурна-асветніцкай установы "Платформ інавэйшн";
"Адмова года" — адмова ў размяшчэнні культурнай пляцоўкі "Арт-сядзіба" ў трох памяшканнях;
"Новая ініцыятыва" — марафон салідарнасці "Свабоду палітвязням";
"Рэгіянальная падзея" — стварэнне структураў незалежных прафсаюзаў на прадпрыемстве "Граніт".

Сяргей Мацкевіч, старшыня рабочай групы Асамблеі НДА, адзначыў, што 2012 год "прынёс вельмі шмат цікавых і крэатыўных, ахвярных і адданых ініцыятыў на ніве грамадзянскай супольнасці Беларусі". На яго думку, гэтая прэмія "не толькі для натхнення людзей і ініцыятыў на новыя дасягненні, але і для праявы салідарнасці ўнутры трэцяга сектара".

"Добра, што атрымліваецца ўжо ў чацверты раз правесці такую цырымонію, якая накіравана натхніць новыя ініцыятывы да працы ў кірунку далучэння Беларусі да еўрапейскага жыцця. Штогод, і гэта не можа не цешыць, з`яўляюцца новыя ініцыятывы, новыя цікавыя, крэатыўныя акцыі і кампаніі", — сказаў Мацкевіч.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН