Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/02/21/607496_607497/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:44
21.02.2013 18:45 Грамадства

Мінскага скульптара Генадзя Лойку пасадзілі на пяць сутак

Мінск, 21 лютага. Мінскага скульптара Генадзя Лойку суд Фрунзенскага раёна сталіцы прыгаварыў да пяці сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміла БелаПАН яго жонка Алена Лойка. Мастак асуджаны за акцыю ў падтрымку беларускамоўнай адукацыі, якую ён правёў у Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага, каля сталічнай гімназіі № 4. Суддзя Людміла Лапо прызнала яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета (арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Алена Лойка заявіла, што "гэта быў фарс", і яна "сур'ёзна ўражана поўнасцю непрафесіянальным вядзеннем судовага разбору, калі ў адным пратаколе былі запісаныя ўзаемавыключальныя сведчанні".

Яна паведаміла, што Генадзь Лойка прасіў суд у ходзе разбору звяртацца да яго на беларускай мове, а ў выніку было запісана ў пратаколе, што ён адмаўляецца адказваць на пытанні.

"Я не думала, што наша судовая сістэма мае такое непрывабнае аблічча. Асабіста я буду падаваць у пракуратуру скаргу на непрафесійныя дзеянні суддзі", — адзначыла яна.

Генадзь Лойка быў затрыманы раніцай пасля правядзення акцыі каля гімназіі № 4, дзе вучыцца яго дачка. Перад пачаткам школьных заняткаў ён разгарнуў на ганку гімназіі плакат са словамі: "Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучаньня".

Матывуючы свае дзеянні, скульптар заявіў журналістам, што ў Беларусі адбываецца русіфікацыя адукацыі. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што ў статут гімназіі № 4 унесены змяненні, якія дазваляюць выкладаць на рускай мове.

Да Генадзя Лойкі выходзіла завуч гімназіі Алена Нікалайчык, якая папярэдзіла аб несанкцыянаваным характары яго выступлення.

Акцыя каля гімназіі доўжылася каля паўгадзіны. За яе правядзеннем назіралі людзі ў цывільным, якія знаходзіліся ў мікрааўтобусе. Яны таксама вялі відэаздымку, але не ўмешваліся.
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН