Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/02/26/608200_608201/
Дата раздрукоўкі: 24.02.2020 20:58
26.02.2013 12:47 Эканоміка, Палітыка

Лукашэнка засцерагае бізнесменаў ад спроб фінансавання "пятай калоны"

Мінск, 26 лютага. Выступаючы на нарадзе па пытаннях дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва, Аляксандр Лукашэнка засцярог бізнесменаў ад спроб фінансавання апазіцыі.
"Хачу падкрэсліць: калі хтосьці з бізнесменаў будзе фінансаваць "пятую калону" ці нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там — свае законы. Потым няхай не крыўдзяцца падобныя бізнесмены", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ён таксама заявіў пра недапушчальнасць шукаць "крышу" ў органах улады. "Хачу, каб вы дакладна ўсведамлялі: любыя спробы бізнесменаў уздзейнічаць на органы дзяржаўнай улады з мэтай стварыць "крышу" для свайго добрага жыцця будуць паварочвацца крахам для падобных ініцыятыў і структур", — папярэдзіў Лукашэнка.

"Нормай жыцця" для прадпрымальнікаў, падкрэсліў ён, павінны стаць маштабная канструктыўная дзейнасць, скіраваная на павелічэнне ўкладу прыватнага сектара ў вытворчасць ВУП і павышэнне эфектыўнасці эканомікі ў цэлым.

Лукашэнка таксама заклікаў бізнесменаў удзельнічаць у сацыяльных праграмах. "Тады людзі будуць вас паважаць, і не давядзецца разважаць пра негатыўны імідж бізнесменаў", — заявіў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, "у свой час савет ствараўся для таго, каб дапамагчы найбольш поўна раскрыцца пазітыўнаму патэнцыялу прадпрымальніцтва, стымуляваць, падтрымліваць станаўленне эфектыўнай працы рынкавых структур, па-дзелавому, без бюракратызму вырашаць наспелыя праблемы".

Лукашэнка таксама заявіў, што спецыяльна прасіў сфарміраваць савет без удзелу дзяржслужачых і чыноўнікаў (за выключэннем старшыні), каб гэтая структура не была "кішэннай".

"Вы — людзі, якія ўжо адбыліся ў бізнесе, і для мяне вельмі важна пачуць вашае меркаванне па самых актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Прычым мне асабліва цікавы альтэрнатыўны пункт гледжання, які адрозніваецца да пункта гледжання ўрада і іншых чыноўнікаў", — сцвярджае Лукашэнка.

Ён дадаў, што чакае ад удзельнікаў нарады прапаноў, але не па прыватных, а па агульных пытаннях — тых, якія павінен вырашаць прэзідэнт.

"Кіраўніком савета прызначаны Пётр Пятровіч Пракаповіч, у яго прамая сувязь з кіраўніком дзяржавы. Так што прашу быць больш дзейнымі, каб краіна атрымлівала рэальную карысць ад вашай працы", — падкрэсліў Лукашэнка.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН