Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/04/05/616321_616323/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:01
05.04.2013 17:48 Грамадства, Эканоміка

Аўтавакзал "Маскоўскі" ў Мінску зносяць для будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу

Мінск, 5 красавіка. У 2013—2018 гадах ААТ "Белтрансгаз" пабудуе шматфункцыянальны комплекс у Мінску ў межах вуліца Філімонава — праспект Незалежнасці — вуліца Макаёнка, які будзе ўключаць гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медыцынскі цэнтр і аўтаномную энергагенерыруючую ўстаноўку. Гэта прадугледжана ўказам № 153 "Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Мінску", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 красавіка.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, інвестару для будаўніцтва і абслугоўвання шматфункцыянальнага комплексу будзе выдзелены ў арэнду зямельны ўчастак плошчай 8,27 га. За права заключэння дагавора арэнды інвестар выплаціць у бюджэт Мінска 17,2 млн. долараў.

Тавары, што будуць увозіцца на тэрыторыю Беларусі ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, будуць вызвалены да 31 снежня 2018 года ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дададзены кошт.

Інвестар кампенсуе ў бюджэт Мінска страты, звязаныя з канфіскацыяй зямельнага ўчастка і зносам размешчанага на ім комплексу будынкаў і збудаванняў аўтавакзала "Маскоўскі", у суме 13,7 млн. долараў.

Акрамя таго, прадугледжваецца, што інвестар пералічыць у бюджэт Мінска грашовыя сродкі ў мэтах бязвыплатнага фінансавання будаўніцтва ў сталіцы шматузроўневай транспартнай развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава (у памеры 50% каштарыснага кошту праекта), а таксама будаўніцтва ў Мінску жылога дома на 30 кватэр для мнагадзетных сем`яў (у суме 3,3 млн. долараў).

Указ набывае моц з дня падпісання.

Чуткі аб тым, што аўтавакзал "Маскоўскі" знясуць, а на яго месцы будзе збудаваны офіс ААТ "Газпром", з`явіліся мінулай вясной. Сталічныя ўлады пацвердзілі, што такая прапанова ёсць, але рашэнне наконт гэтага не прынята. Пры гэтым мінскія гораданачальнікі заявілі, што з горадабудаўнічага пункту гледжання будынак аўтавакзала "Маскоўскі" "размешчаны не вельмі ўдала", а сам аўтавакзал загружаны ў лепшым выпадку на 60%. Паведамленні аб плануемым зносе аўтавакзала выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Ініцыятыўная група пачала збор подпісаў супраць гэтага рашэння.

Як паведаміў 27 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік упраўлення арганізацыі перавозак  ДП "Мінсктранс" Сяргей Ясінскі, у выпадку закрыцця аўтавакзала "Маскоўскі" распрацаваны схемы змянення руху транспарту "без ўрону для пасажыраў".
Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН