Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/05/17/624487_624490/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:43
17.05.2013 12:31 Грамадства

За апошні год колькасць абанентаў сеткі інтэрнэт у Беларусі ўзрасла амаль на 23%

Мінск, 17 мая. За апошні год колькасць абанентаў сеткі інтэрнэт у Беларусі ўзрасла амаль на 22,8%. На пачатак 2013 года гэты паказчык дасягнуў 883 на 1.000 чалавек насельніцтва. Такія звесткі публікуе Белстат да Сусветнага дня электрасувязі і інфармацыйнай супольнасці, што адзначаюць 17 мая.

Паводле ацэнкі Міжнароднага саюза электрасувязі, у Беларусі апошнімі гадамі назіраюцца дастаткова высокія тэмпы развіцця інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. Гэта дазваляе забяспечыць стварэнне спрыяльнага асяроддзя для аказання шырокага спектра электронных паслуг, фарміравання дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і доступ да іх на ўсёй тэрыторыі краіны, зазначае Белстат.

Самай папулярнай паслугай сеткі перадачы даных з'яўляецца даванне доступу ў інтэрнэт. На 1 студзеня 2013 года прапускная здольнасць знешніх каналаў доступу ў інтэрнэт склала 350 Гбіт/с, павялічыўшыся за год амаль у два разы.

На пачатак года колькасць абанентаў сусветнай сеткі склала 8,4 млн., у тым ліку фізічных асоб — 7,5 млн. Колькасць абанентаў бесправаднога доступу ў сетку — 5,7 млн., што на 26,1% больш, чым год таму. У агульнай колькасці абанентаў сеткі інтэрнэт абаненты шырокапалоснага доступу (стацыянарнага і бесправаднога) склалі 67,7%.

Доступ да інтэрнэту мелі 97% арганізацый краіны. Найбольш распаўсюджаны стацыянарны шырокапалосны доступ да сеткі інтэрнэт (86%). Камутаваны доступ выкарыстоўвалі 28% арганізацый, бесправадны — 21%. Магчымасцю доступу да інтэрнэту валодалі 18% арганізацый, экстранэту — 5%. Паслугамі электроннай пошты ў 2012 годзе скарысталіся 95% арганізацый.

Згодна са звесткамі выбарачнага абследавання, доля дамашніх гаспадарак, якія маюць персанальныя камп'ютары, у 2012 годзе склала 51,7%; якія маюць доступ да інтэрнэту — 48,3%. Паслугамі сеткі інтэрнэт на пачатак 2013 года карысталіся 46,9% насельніцтва. Часцей жыхары Беларусі карысталіся інтэрнэтам дома — 42,1%, па месцы працы (вучобы) — 2,4%, у інтэрнэт-кафэ (клубе), аддзяленнях сувязі — 0,2%, у сяброў, сваякоў — 0,3%.

Белстат таксама паведамляе аб працягу "інтэнсіўнага развіцця сетак сотавай рухомай электрасувязі" ў краіне. Зараз паслугі ў гэтай сферы аказваюць чатыры аператары. Сотавай рухомай электрасувяззю ахоплена 98,2% тэрыторыі Беларусі, на якой жывуць 99,7% насельніцтва.

Калі на пачатак 2006 года на 1.000 чалавек насельніцтва прыпадала 426 сотавых тэлефонаў, то на пачатак 2013 года іх колькасць павялічылася да 1.128, што ў 2,6 разу больш.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН