Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/06/22/632743_632744/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2018 03:58
22.06.2013 12:41 Грамадства, Культура

У межах кампаніі "У Беларусь і Еўропу — без візы!" у Мінску праходзіць фестываль "Самаход-2013"

Мінск, 22 чэрвеня. Беларускія гурты Clover Club і Akute, якія імкліва набіраюць папулярнасць, выступілі вечарам 21 чэрвеня ў мінскім клубе Re:public з трохгадзінным бясплатным канцэртам на другім фестывалі мабільнасці "Самаход".

Двухдзённы фестываль праходзіць у межах кампаніі "У Беларусь і Еўропу — без візы!". Паводле слоў арганізатараў, ён прызначаны "для ўсіх, хто цікавіцца вандраваннямі, з візай і без яе". Пачаўшы сваё выступленне з невялікім спазненнем, мінчане з Clover Club, якія пазіцыянуюць сябе як "падбадзёрлівы музычны кактэйль з пяці чалавек, якія спяваюць гімны пра загінулых соў, эксцэнтрычную любоў да сыру і проста каханне", прывялі гасцей фестывалю ў стан чулага трансу, прымушаючы парушаць цішыню апладысментамі толькі пасля завяршэння кожнай кампазіцыі.

Выхад на сцэну магілёўскага беларускамоўнага рок-трыа Akute змог разварушыць медытуючую публіку на танцполе, якая пачала актыўна падпяваць музыкантам. За сваю пяцігадовую гісторыю гурт атрымаў Гран-пры на фестывалях "Басовішча" (Польшча) і "Вертыфэст" (Украіна), заваяваў серабро на мінскім Graffiti Open Music Fest і выступіў на разаграванні знакамітых брытанцаў з Placebo. На рахунку Akute два студыйныя альбома і два максі-сінглы. Іх пласцінка "Не існуе" прызнана найлепшым альбомам у стылі рок за 2012 год паводле версіі праекта пра беларускую музыку Experty.by.

Другі фестывальны дзень, 22 чэрвеня, пройдзе ў крэатыўным кластары ME100. Ён будзе складацца з семінара па стварэнні візуальнага кантэнту, дыскусіі аб візавых праблемах, сустрэчы з замежнымі грамадзянамі, якія жывуць у Беларусі, актывістамі і культурнымі экспертамі. Закрые фестываль выступленне біт-мейкера Dmitriy Deech.

У інтэрв`ю БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі "У Беларусь і Еўропу — без візы!" Алесь Герасіменка адзначыў, што рэакцыя на фестываль у сацыяльных сетках паказала: "Людзі сёлета яшчэ больш цікавяцца праблемай спрашчэння візавага рэжыму і тэмай адмены віз". "З моманту правядзення першага фестывалю "Самаход" у красавіку мінулага года колькасць падпісантаў нашай старонкі ў Facebook вырасла на 500 чалавек, — расказаў Герасіменка. — Гэта нядрэнны вынік для некамерцыйнай ініцыятывы, якая проста расказвае аб праблемах, звязаных з візамі".

Паводле слоў Алеся, кампанія праводзіць маніторынг меркавання людзей, сочыць за каментарамі пад адпаведнымі матэрыяламі ў прэсе, атрымлівае лісты, якія сведчаць пра вялікую цікавасць людзей да візавай праблемы. "Мы бачым, што за апошнія год-два стаўленне беларусаў да пытання спрашчэння візавага рэжыму моцна змянілася ў лепшы бок", — падагульніў каардынатар кампаніі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН