Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/06/29/by_media_kalinouski/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2018 14:47
29.06.2013 14:47 Відэа, Грамадства

Пераможцам конкурсу на лепшае веданне гісторыі паўстання 1863 года стаў Васіль Герасімчык са Слоніма

29 чэрвеня ў мінскім офісе Руху "За Свабоду" прайшоў фінал конкурсу на лепшае веданне гісторыі паўстання 1863 года.
 
Конкурс "Лепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага” праводзіўся пераважна праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце. У ім узялі ўдзел каля шасцісот чалавек, дзесяць з якіх сталі фіналістамі. Прыехаць на фінальнае спаборніцтва змаглі толькі чацвёра. Ім трэба было пісьмова адказаць на пытанні з гісторыі паўстання 1863 года, а таксама выканаць вуснае заданне.

Першае месца і галоўны прыз узяў малады гісторык Васіль Герасімчык са Слоніма; другое і трэцяе месцы — у Паўла Абламскага з Брэста і Алеся Лапо з Нясвіжа.

"Калі я займаўся ў расійскай ВНУ, — сказаў БелаПАН пераможца, — паўстала праблема, якім даследаваннем займацца, і менавіта тады я паставіў перад сабой задачу вызначыць, хто ж такі Кастусь Каліноўскі. Для мяне гэта было больш цікава, а калі ўніверсітэт яшчэ дае магчымасць займацца такім даследаваннем, гэта проста фантастыка. Інфармацыя збіралася, і мне было гэта цікава і застаецца цікавым дагэтуль, хоць мой навуковы інтарэс ахоплівае значна большую тэму, чым паўстанне 1863—1864 гадоў. Увогуле мне цікавая ўся гісторыя Беларусі".

"Конкурс — адзін з элементаў святкавання памятных дат, звязаных 3 150-мі ўгодкамі паўстання Кастуся Каліноўскага, — падсумаваў у інтэрв’ю БелаПАН вынікі конкурсу член аргкамітэта "Года Кастуся Каліноўскага" Юрась Губарэвіч. — Мы вельмі ўсцешаныя тым фактам, што вялікая колькасць маладых людзей адгукнулася і прыняла ўдзел у першай частцы конкурсу. Больш за 600 чалавек прайшлі даволі цяжкі тэст, які ўключаў 30 пытанняў, падрыхтаваных гісторыкамі, даследчыкамі тэмы паўстання. Шмат хто з удзельнікаў конкурсу набраў досыць вялікі ўзровень балаў. Гэта дазваляе сказаць, што тэма паўстання ў Беларусі не забытая, што ёсць моладзь, якая цікавіцца тым перыядам мінулага. Тэма конкурсу дала магчымасць папулярызаваць саму падзею, пашырыць веды пра паўстанне сярод наведвальнікаў інтэрнэта, што само па сабе важна для гістарычнага, патрыятычнага выхавання маладога пакалення беларусаў".
Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН