Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/07/26/639536_639537/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 15:49
26.07.2013 15:16 Грамадства, Эканоміка

Аляксандр Лукашэнка заклікаў не рабіць катастрофы з сітуацыі з АЧС

Мінск, 26 ліпеня. Не рабіць катастрофы з сітуацыі з афрыканскай чумой свіней (АЧС) заклікаў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі на месцы будаўніцтва аквапарку ў Мінску 26 ліпеня.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "гэта бяда" прыйшла ў Беларусь звонку. "Я не хачу тут нікога вінаваціць, але, адкуль бы ні прыйшла гэта бяда, гэта гаворыць пра тое, што свет вельмі ўзаемаўвязаны, і нам прыйдзецца з гэтым змагацца", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Прэзідэнт заявіў, што не бачыць "ніякай катастрофы", бо вірус АЧС гіне пры тэмпературы 60 градусаў.

У цяперашняй сітуацыі, паводле яго слоў, найбольшую трывогу выклікае сітуацыя з асабістымі падворкамі насельніцтва.

"Мы цяпер працуем з насельніцтвам, каб лакалізаваць гэтыя ачагі, каб яны не мелі распаўсюджвання. На комплексах мы парадак навядзем — гэта прасцей. Я ўжо папрасіў, каб звярнуліся да людзей: калі такое здарылася, адправіць на зарэз свойскіх свіней. Ці мы забярэм, дзяржава заплаціць, бо немалыя грошы плацяць, і ажыццявіць зарэз, ці вы самі, дома", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ідзе праца і па прадухіленні распаўсюджвання віруса сярод дзікіх жывёл.

"Што датычыцца камбікармоў, то тут прасцей: трэба карміць сваімі камбікармамі, а з дабаўкамі працаваць больш акуратна і правяраць", — заявіў Лукашэнка.

"Вірус выяўляецца элементарна. Калі заражана жывёла, яна ніяк не можа трапіць на мясакамбінат, але нават калі крый божа дзесьці штосьці прасачылася, то 60 градусаў — вы пад душ становіцеся, вада часам больш гарачая — вірус гіне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Лукашэнкі, Камітэту дзяржбяспекі і пракуратуры даручана ажыццяўляць нагляд за дзейнасцю ўсіх структур, пачынаючы з урада і завяршаючы ветэрынарным урачом пэўнага ўчастка, назіраць, як яны дзейнічаюць у гэтай сітуацыі.

Нават Захад прызнаў, што ў Беларусі эфектыўна змагаюцца з гэтым захворваннем, падкрэсліў прэзідэнт.

Лукашэнка параіў "не купляць мяса на вуліцы — лепш на рынку і ў магазінах", а таксама расказаў, што асабіста ён аддае перавагу курынаму мясу і ялавічыне. "Але часам таксама ўжываю і цяпер свініну. І не трэба думаць, што ў прэзідэнта стаіць куча людзей і правярае кожны кавалак ежы — нічога такога. На "Камароўцы", як і вы, асобныя прадукты закупляем", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239