Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/09/30/652542_652554/
Дата раздрукоўкі: 24.03.2019 01:31
30.09.2013 14:47 Палітыка, Грамадства

Прэмія імя Вацлава Гавела прысуджана Алесю Бяляцкаму (дапоўнена)

Мінск, 30 верасня. Прэмія за правы чалавека імя Вацлава Гавела прысуджана беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Аб гэтым на афіцыйнай цырымоніі ў Страсбургу аб'явіў старшыня Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Жан-Клод Міньён.
"У сваёй штодзённай барацьбе супраць парушэнняў правоў чалавека, несправядлівасці, адвольнасці і аўтарытарызму Алесь Бяляцкі бесперапынна працаваў для таго, каб грамадзяне Беларусі маглі аднойчы далучыцца да нашых еўрапейскіх стандартаў", — сказаў Міньён.

Сярод іншых намінантаў на прэмію былі Асацыяцыя маладых юрыстаў (Грузія) і Rights Defence Network (Кітай).

На цырымоніі прысутнічала жонка Бяляцкага Наталля Пінчук.

Прэмія імя Вацлава Гавела за правы чалавека штогод уручаецца ПАСЕ сумесна з Бібліятэкай Вацлава Гавела і фондам Charta 77. Сума прэміі складае 60 тыс. еўра. Галоўнай мэтай прэміі з'яўляецца заахвочванне выдатных дзеячаў грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца абаронай правоў чалавека.

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і асуджаны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры на 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не ўяўлялася магчымым, бо цэнтр "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН