Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/10/05/653864_653865/
Дата раздрукоўкі: 16.12.2018 04:11
05.10.2013 13:42 Палітыка, Грамадства

У Мінску развіталіся з Віктарам Івашкевічам (дапоўнена)

Мінск, 5 кастрычніка. Сотні чалавек прыйшлі 5 кастрычніка ў залу рытуальных паслуг на вуліцы Альшэўскага ў Мінску, каб развітацца з апазіцыйным палітыкам Віктарам Івашкевічам. Гэта родныя і сябры памерлага, вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, журналісты.
Сярод тых, хто прыйшоў праводзіць Віктара Івашкевіча ў апошні шлях, — першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, генерал, былы дэпутат парламента Валерый Фралоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі, апазіцыйныя дзеячы Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Генадзь Лойка і іншыя.

Успамінаючы пра Віктара Івашкевіча, Вінцук Вячорка сказаў: "Сваім рамантызмам і аптымізмам ён абяззбройваў апанентаў і натхняў сяброў. Віктар быў светлы, пазітыўны і ўсмешлівы чалавека, які ніколі не губляў пачуццё гумару. Ён любіў жыццё і людзей, гэтым ён быў дарагі блізкім, сябрам і ўсёй Беларусі. Ён вёў за сабой народ і быў перакананы, што трэба абапірацца на людзей. Імя Віктара Івашкевіча загучыць тады, калі здзейсніцца тое, у што ён верыў".

Лявон Баршчэўскі ўспомніў словы Віктара Івашкевіча аб тым, што "цяпер не час займацца мемуарамі — трэба планаваць будучыню". "Таму трэба думаць аб будучыні, аб тым, аб чым ён марыў", — сказаў Баршчэўскі.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна нагадала аб тым, што Віктар Івашкевіч займаўся і журналісцкай працай. "Для мяне ён яшчэ і калега па цэху. Гэта быў журналіст, які пацярпеў за слова і праўду. Ён з`яўляецца прыкладам у найноўшай гісторыі сучаснай сумленнай журналістыкі", — адзначыла Літвіна.

Выступоўцы гаварылі пра памерлага як пра "фантастычнага арганізатара", чалавека, які арганізоўваў найбуйнейшыя народныя выступленні 1980-х гадоў.

З супрацьлеглага боку вуліцы за развітаннем назіралі два чалавекі ў цывільным, там жа было прыпаркавана некалькі мікрааўтобусаў.

Развітанне з Віктарам Івашкевічам доўжылася да 14 гадзін. Пахавалі палітыка на Паўночных могілках сталіцы.

Вядомы апазіцыйны палітык, лідар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларускі рух" Віктар Івашкевіч памёр у 9-й бальніцы Мінска 3 кастрычніка пасля цяжкай і працяглай хваробы на 55 годзе жыцця.

Віктар Івашкевіч — журналіст па адукацыі. З пачатку 1980-х гадоў актыўна ўдзельнічаў у маладзёжным нацыянальным руху, нефармальных аб`яднаннях "Майстроўня" і "Талака". Яго лічылі адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый. У іх ліку — марш-пратэст па Заходняй Дзвіне-Даўгаве (разам з аднадумцамі з Латвіі) супраць будаўніцтва Даўгаўпілскай ГЭС 1987 года, экалагічны марш па Прыпяці — адна з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту 1988 года, забастоўка вадзіцеляў гарадскіх аўтобусаў у Мінску 1989 года. У 1991 годзе Івашкевіч стаў ініцыятарам стварэння страйкамаў на мінскіх прадпрыемствах.

З 1988 года — у Беларускім народным фронце. Да 1996 года Віктар Івашкевіч быў сакратаром управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ. Уваходзіў у групу лідараў БНФ, якія адкрыта выступілі з крытыкай Зянона Пазняка на з`ездзе партыі летам 1996 года. З 1997 года Віктар Івашкевіч быў рэдактарам газеты "Рабочий", з 1999-га — віцэ-прэзідэнтам Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Палітык неаднаразова атрымліваў адміністрацыйныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб`яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 года асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула "Злодзей павінен сядзець у турме", у якім пракуратура ўбачыла паклёп на прэзідэнта.

На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Віктар Івашкевіч з`яўляўся даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты ад "Еўрапейскай Беларусі" Андрэя Саннікава. Неўзабаве пасля выбараў, у лютым 2011 года, Івашкевіч і група іншых членаў Партыі БНФ выйшлі з яе радоў у знак нязгоды з дзеяннямі экс-кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і аб`явілі аб стварэнні нацыянальна-дэмакратычнай партыі "Беларускі рух".

Віктар Івашкевіч узначаліў аргкамітэт новай партыі. Сярод прыярытэтаў "Беларускага руху" называлася барацьба за вызваленне палітзняволеных, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі, максімальна жорсткія санкцыі ў дачыненні да кіруючай эліты Беларусі.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН