Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/10/18/656693_656695/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2019 07:46
18.10.2013 22:19 Палітыка

Кіраўнічы склад Узброеных сіл РФ падвёў вынікі сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Расіі і Беларусі "Захад-2013"

Мінск, 18 кастрычніка. Міністр абароны Расіі генерал арміі Сяргей Шайгу 18 кастрычніка правёў нараду кіраўнічага складу Узброеных сіл РФ па падвядзенні вынікаў сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Расіі і Беларусі "Захад-2013". Пра гэта паведамляе Упраўленне прэс-службы і інфармацыі Міністэрства абароны РФ.

Адкрываючы нараду, міністр абароны Расіі адзначыў, што "для Заходняй ваеннай акругі вучэнні сталі выніковым мерапрыемствам падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і войскаў, а для Міністэрства абароны Расіі — магчымасцю дэталёва разабрацца з праблемамі развіцця Узброеных Сіл і ўмацавання абараназдольнасці дзяржавы".

Шайгу сказаў, што асноўная мэта вучэнняў "Захад-2013", якія былі праведзены з 20 па 26 верасня на тэрыторыі Расіі і Беларусі, заключалася ў адпрацоўцы пытанняў прымянення груповак войскаў (сіл) "у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы". Паводле яго ацэнкі, камандуючыя і камандзіры падчас вучэнняў атрымалі практыку ў планаванні і кіраванні злучэннямі і воінскімі часцямі рэгіянальнай групоўкі войскаў узброеных сіл Расіі і Беларусі.

Сярод асноўных пытанняў, адпрацаваных падчас вучэнняў, Шайгу назваў праверку гатоўнасці войскаў і сіл да выканання разнапланавых задач, у тым ліку пры лакалізацыі ўзброеных канфліктаў, арганізацыі ўзаемадзеяння падраздзяленняў Узброеных сіл і іншых сілавых ведамстваў падчас правядзення спецыяльных арганізацый міжвідавых груповак войскаў па ліквідацыі незаконных узброеных фарміраванняў, правядзенні марской блакады раёна іх дзеянняў.

Для падтрымкі войскаў прымянялася авіяцыя. Адпрацоўваліся пытанні ўсебаковага забеспячэння дзеянняў войскаў. Камандаванне Заходняй ваеннай акругі сумесна з прадстаўнікамі іншых сілавых ведамстваў і адміністрацый суб`ектаў Расійскай Федэрацыі выконвала задачы па падтрыманні рэжыму ваеннага становішча і вядзенні тэрытарыяльнай абароны.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ генерал арміі Валерый Герасімаў, які выступіў з дакладам, паведаміў: асаблівасць вучэнняў заключалася ў тым, што яго падрыхтоўка праводзілася сумесна з органамі кіравання Узброеных сіл Беларусі. У прыватнасці, з пачатку 2013 года ў ЗВВ і беларускіх Узброеных сілах было праведзена больш як 10 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, паведаміў Герасімаў. "Гэта дазволіла дасягнуць неабходнага ўзроўню ўзаемадзеяння штабоў ва ўсіх звёнах кіравання ўзброеных сіл Расіі і Беларусі пры выкананні вучэбна-баявых задач падчас вучэнняў", — адзначыў начальнік Генеральнага штаба УС РФ.

Кажучы пра высновы, якія зрабіў Генштаб УС РФ па выніках вучэнняў, генерал арміі Валерый Герасімаў заявіў, што "неабходна больш настойліва, паслядоўна і канкрэтна паляпшаць падрыхтоўку Узброеных сіл да вядзення баявых дзеянняў у лакальных войнах і ўзброеных канфліктах з улікам характару пагроз бяспекі Расійскай Федэрацыі". "Але пры гэтым не аслабляць намаганні ў падрыхтоўцы да адбіцця і буйнамаштабнай агрэсіі", — дадаў ён.

Начальнік Генеральнага штаба таксама адзначыў, што "спатрэбіцца далейшае ўдасканаленне міжведамаснага ўзаемадзеяння паміж органамі ваеннага кіравання і федэральнымі органамі выканаўчай улады пры сумесным вырашэнні задач па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі".

У цэлым, паводле ацэнкі начальніка Генштаба Узброеных сіл Расіі, пастаўленыя мэты вучэнняў "Захад-2013" дасягнутыя.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН