Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/10/28/658734_658736/
Дата раздрукоўкі: 21.07.2019 06:02
28.10.2013 16:14 Грамадства

У абвінавачаных у забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай прызналі наяўнасць свядомасці

Мінск, 28 кастрычніка. У абодвух абвінавачаных па справе аб забойстве мінчанкі Таццяны Слонімскай прызнана наяўнасць свядомасці, яны здольныя разумець свае дзеянні і кіраваць імі. Такія высновы спецыялістаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, паведамілі БелаПАН у Следчым камітэце Беларусі.

Нагадаем, Таццяна Слонімская, якая паехала ў вёску Малы Трасцянец (Мінскі раён) да маці, а затым накіравалася на сваёй машыне "Мазда-3" у лес за ягадамі, знікла 3 ліпеня. 17 ліпеня былі затрыманыя два падазроныя ў забойстве жанчыны, цела якой знайшлі на наступны дзень у Мінскім раёне каля вёскі Дварэц. Галоўным падазроным па справе з'яўляецца неаднаразова судзімы 21-гадовы мінчанін. Нібыта менавіта ён нанёс жанчыне некалькі нажавых раненняў, ад якіх яна памерла, затым пагрузіў цела ў багажнік яе ж машыны і адвёз у іншую мясцовасць, дзе закапаў. Другі падазроны, мінчанін 1994 года нараджэння, яму садзейнічаў. Аўтамабіль Слонімскай быў прададзены ў Расіі.

Збор доказаў па справе працягваецца. Абвінавачанні фігурантам справы выстаўлены ў забойстве пры абцяжарвальных акалічнасцях, а таксама ва ўчыненні разбойнага нападу (ч. 2 арт. 139 і ч. 3 арт. 207 КК). Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Сумесна з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў ажыццяўляецца комплекс мер, скіраваных на ўстанаўленне дачынення абвінавачаных да іншых злачынстваў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН