Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/12/20/670472_670490/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 09:10
20.12.2013 18:06 Палітыка, Грамадства

У Вашынгтоне каля беларускага пасольства прайшоў мітынг, прысвечаны гадавіне разгону дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня 2010 года

Гомель, 20 снежня. Члены вашынгтонскага гуртка Беларуска-амерыканскага аб'яднання (БАЗА) сумесна з праваабарончай арганізацыяй Amnesty International правялі 19 снежня мітынг каля будынка беларускага пасольства ў Вашынгтоне.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік Amnesty International па Беларусі Вячаслаў Бортнік, акцыя была прымеркаваная да трэцяй гадавіны разгону ўдзельнікаў дэманстрацыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, якія пратэставалі супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

"На сёння мы маем звесткі пра 11 палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца беларускімі ўладамі ў турмах і папраўчых калоніях, — заявіла намеснік старшыні вашынгтонскага гуртка БАЗА Алеся Кіпель. — Гэтыя людзі павінны быць неадкладна і безагаворачна вызвалены, таму што былі затрыманы выключна за мірнае выказванне сваіх палітычных ці іншых перакананняў".

"Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы ў сферы абароны правоў чалавека, а таксама з'яўляецца адзінай краінай на тэрыторыі Еўропы і Цэнтральнай Азіі, дзе захоўваецца смяротная кара",— заявіў у сваю чаргу Бортнік.

Арганізатары мітынгу адправілі ліст у беларускае пасольства, у якім запатрабавалі вызваліць усіх палітычных зняволеных, змяніць заканадаўства ў сферы свабоды аб'яднанняў, сходаў, а таксама ўвесці мараторый на выкананне ўсіх смяротных прысудаў.

Актывісты, якія сабраліся каля пасольства, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты з патрабаваннем вызваліць усіх палітзняволеных і партрэты гвалтоўна зніклых у 1999—2000 гадах беларусаў. Яны таксама раздавалі ўлёткі з інфармацыяй аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі.

Апрача членаў БАЗА і Amnesty International, у пікеце ўзялі ўдзел прэзідэнт Freedom House Дэвід Крэмер, прэзідэнт фонду "Мы памятаем" Ірына Красоўская, члены Аб'яднанага балтыйска-амерыканскага нацыянальнага камітэта, шэрагу іншых арганізацый.
Алена Германовіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН