Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2013/12/24/by_media_premia_ph/
Дата раздрукоўкі: 12.12.2018 21:30
24.12.2013 12:22 Фота

У Мінску аб'яўлены лаўрэаты пятай штогадовай прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці"

    Паглядзець Паглядзець

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пятай штогадовай прэміі "Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці", якую традыцыйна праводзіць Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый, адбылася 23 снежня ў Мінску.

Грамадзянскім лідарам паводле версіі Асамблеі НДА названы музыкант Сяргей Міхалок (гурт "Ляпіс Трубяцкі"). Статуэтку пераможцы і дыплом атрымаў за Міхалка прэс-сакратар гурту.

У намінацыі "Кампанія года" найлепшай прызнаная агульнанацыянальная кампанія "Зробім лепш! 2013", якая стварыла пляцоўку для супрацоўніцтва 27 НДА па ўсёй Беларусі.

Курсы беларускай мовы "Мова ці кава", якія на працягу года праходзілі ў сталічнай галерэі "Ў", прызнаныя найлепшай новай ініцыятывай.

Самай прыкметнай рэгіянальнай падзеяй года сталі "народныя бунты" супраць ліквідацыі свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней. Атрымаць узнагароду ў Мінск прыехала жыхарка вёскі Сумарокава (Магілёўскі раён) Кацярына Музыкантава.

Найлепшым сайтам НДА прызнаны інтэрнэт-рэсурс ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" (spring96.org).

У новай намінацыі "Лапаць года" за негатыўныя дзеянні ў дачыненні да арганізацый грамадзянскай супольнасці і іх прадстаўнікоў найлепшай прызнаная сітуацыя са штрафам у дачыненні да арганізатараў велапрабегу "Стылягі на веласіпедах" у Мінску.

Званне лаўрэата ў намінацыі "Крэатыў года" падзялілі паміж сабой праект "PRацоўня сацыяльнай рэклямы" і ўстаноўка прыватнага помніка паўстанцам Кастуся Каліноўскага мецэнатам Мікітам Забудам.

Месцам года стала сталічная пляцоўка "ЦЭХ", а СМІ года прызнанае інтэрнэт-тэлебачанне tut.by.

Усяго арганізатарам прэміі сёлета паступіла 160 заявак у дзевяці намінацыях.

Старшыня рабочай групы асамблеі Сяргей Мацкевіч паведаміў, што 2013 год быў "даволі багаты для грамадзянскага сектара". Ён падкрэсліў, што за ўсім гэтым стаяць людзі, якія "ўкладваюць у развіццё трэцяга сектара сваё здароўе, энергію, сілу, частку жыцця".

На здымках:
1 — старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч;
2 — каардынатар кампаніі "Зробім лепш! 2013" Анастасія Александровіч;
3 — аўтар ідэі і ініцыятар курсаў беларускай мовы "Мова ці кава" Кацярына Кібальчыч;
4 — жыхарка вёскі Сумарокава Кацярына Музыкантава;
5 — удзельніца праекта "PRацоўня сацыяльнай рэклямы" Аліна Курленка;
6 — прадстаўніца інтэрнэт-тэлебачання tut.by Алена Андрэева;
7 — праваабаронцы Ірына Пракопчык і Сяргей Сыс;
8 — арганізатар велапрабегу "Стылягі на веласіпедах" у Мінску Ірына Біннік.

Фота Сяргея Сацюка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН