Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/01/04/672764_672766/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 08:56
04.01.2014 12:13 Грамадства

Трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2" паступіла на ўзбраенне ВПС і войскаў СПА Беларусі

Мінск, 4 студзеня. Трэцяя батарэя зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2" паступіла на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання Ваенна-паветраных сіл і войкаў супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл Беларусі.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, прайшлі 4 студзеня ў злучэнні, дыслакаваным у Баранавічах (Брэсцкая вобласць).

Ключы ад новай зенітнай ракетнай тэхнікі асабоваму складу ўручыў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА генерал-маёр Ігар Голуб.

У Беларусь комплексы былі дастаўлены ў канцы снежня 2013 года.

"З прыняццем у баявы склад трэцяй зенітнай ракетнай батарэі завяршаецца фарміраванне паўнацэннага зенітнага ракетнага дывізіёна "Тор-М2". Гэта дазволіць з вялікай эфектыўнасцю праводзіць баявую падрыхтоўку ваеннаслужачых, бо разам з баявой тэхнікай у склад падраздзялення паступіў і новы трэнажорны комплекс, які дазваляе з высокай эфектыўнасцю праводзіць навучанне разлікаў рабоце па выяўленні, захопе, суправаджэнні і паражэнні цэлей у перашкодавай і бесперашкодавай абстаноўцы, а таксама ажыццяўляць кантроль практычных дзеянняў разлікаў", — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.

Першыя батарэі зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2" паступілі на ўзбраенне 120-й зенітнай ракетнай брыгады ў 2011 і 2012 гадах. Асабовы склад у кароткія тэрміны асвоіў тэхніку і ў 2012—2013 гадах пры правядзенні баявых стрэльбаў на палігоне Ашулук (Астраханская вобласць, Расія) выканаў усе пастаўленыя задачы на выдатна. Прычым для другой батарэі гэта былі так званыя стыковачныя стрэльбы, якія праводзяцца пасля атрымання новага ўзору тэхнікі і падрыхтоўкі экіпажаў да правядзення баявых пускаў. Беларускія "Торы" чатырма ракетамі паразілі ўсе мішэні.

"Паступленне на ўзбраенне новай зенітнай ракетнай тэхнікі СПА дазволіць пашырыць баявыя магчымасці ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл па супрацьпаветранай абароне", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.

Там таксама адзначаецца, што пераўзбраенне на новую тэхніку прадугледжвае і ўдасканальванне сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў. З 2010 года ў Ваеннай акадэміі на факультэце СПА адкрыта новая спецыялізацыя, дзе ажыццяўляецца падрыхтоўка і навучанне ваеннаслужачых на гэты ўзор узбраення.

Зенітны ракетны комплекс "Тор-М2" прызначаны для вырашэння задач супрацьпаветранай абароны, ён забяспечвае эфектыўную супрацьпаветраную абарону ваенных і грамадзянскіх аб'ектаў. Комплекс здольны выконваць баявыя задачы ў любых кліматычных умовах. Ён з'яўляецца эфектыўным сродкам паражэння самалётаў, верталётаў, аэрадынамічных беспілотных лятальных апаратаў, кіраваных ракет і іншых элементаў высокадакладнай зброі, што ляціць на сярэдніх, малых і гранічны малых вышынях у складанай паветранай і перашкодавай абстаноўцы.

Характарыстыкі "Тор-М2" спецыялісты параўноўваюць з характарыстыкамі новых зенітных ракетных комплексаў NASAMS, якія стаяць на ўзбраенні армій Нарвегіі і Нідэрландаў. Але расійскі комплекс поўнасцю аўтаматызаваны і скануе паветраную прастору ў аўтаматычным рэжыме, здольны ў аўтаномным рэжыме паражаць цэлі. "Тор-М2" аснашчаны сістэмай распазнавання "свой — чужы" і адначасова распазнае больш чым 40 цэлей, пры гэтым па хуткасці набліжэння вызначае самыя небяспечныя з іх. Дакладнасць сістэмы навядзення і апазнавання цэлей ЗРК "Тор-М2" не мае аналагаў у свеце, што робіць яе лепшай у сваім класе.

Батарэя ЗРК "Тор-М2" у складзе чатырох баявых машын здольная адначасова паразіць 16 цэлей, якія ляцяць з любых напрамкаў з хуткасцю да 700 м/с на далёкасці да 12 км і вышыні ад 0,01 да 10 км у любых умовах надвор'я, днём і ноччу. Высокая баявая эфектыўнасць таксама дасягаецца за кошт новага алгарытму ўзаемадзеяння паміж машынамі, якія працуюць у пары. Яны актыўна абменьваюцца баявой інфармацыяй, самі размяркоўваюць цэлі паміж сабой. Сістэмы поўнасцю аўтаматызаваныя, удзел чалавека зведзены да мінімуму.

Адметнымі асаблівасцямі "Тор-М2" з'яўляюцца высокая манеўранасць, мабільнасць, малы час рэакцыі, аўтаматызацыя баявой работы, эфектыўнасць стральбы па шырокім класе цэлей (крылатыя ракеты, карэктаваныя авіябомбы, самалёты, верталёты, беспілотныя і дастанцыйна кіраваныя ўдарныя апараты).
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН