Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/01/23/676436_676437/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:34
23.01.2014 15:53 Грамадства, Палітыка

Блізкія забітага ў Кіеве беларуса спрабуюць вырашыць праблему з дастаўкай яго на радзіму

Гомель, 23 студзеня. Родныя і сябры забітага падчас сутыкненняў у Кіеве беларуса Міхаіла Жызнеўскага спрабуюць вырашыць праблему з дастаўкай яго цела на радзіму.
Як паведаміла БелаПАН маці загінулага Ніна Жызнеўская, якая жыве ў Гомелі, аб смерці Міхаіла родныя даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі. "Мне ўнук паказаў у інтэрнэце фотаздымкі з Кіева і сказаў: глядзі, гэта ж наш Міша. Потым гэтую інфармацыю пацвердзілі ў кіеўскай міліцыі. Але там заявілі, што будуць праблемы з дастаўкай цела сына дамоў, бо пры ім не было ніякіх дакументаў", — расказала жанчына.

Паводле слоў Ніны Жызнеўскай, яна звязалася з беларускім консулам у Кіеве, але той заявіў, што яшчэ нічога невядома, паколькі цела афіцыйна не апазнанае з-за адсутнасці дакументаў.

Маці загінулага таксама расказала, што ў пасольстве ёй прапанавалі прыехаць у Кіеў. У найбліжэйшыя суткі, паводле слоў Ніны Жызнеўскай, яны з мужам і 18-гадовым унукам плануюць выехаць у сталіцу Украіны для вырашэння ўсіх фармальнасцяў. "Мне абавязкова трэба пахаваць яго ў Гомелі, каб ён быў тут, побач, і каб потым мяне таксама пахавалі каля яго", — падкрэсліла жанчына.

Паводле яе слоў, "Міша быў вельмі добрым, гаспадарлівым, захапляўся каратэ, рыцарскімі рэканструкцыямі, дапамагаў ва ўсім, любы чалавечы боль прапускаў праз сябе".

"У яго на гэтай глебе ўзніклі праблемы ў 2005 годзе. Кіраўнік рыцарскага клуба ўзяў у кагосьці грошы на выраб сярэдневяковых даспехаў. Грошы ён не вярнуў і ўцёк ва Украіну, прыхапіўшы з сабой Мішу, як жывы шчыт. Міша ні ў чым не быў вінаваты, яму тады было 17 гадоў. Да 2012 года мы нічога не ведалі пра яго. У 2012 годзе мой унук знайшоў яго па інтэрнэце. Мы сустракаліся з ім у Кіеве ў 2012 годзе. Пра сваё жыццё ён мала што расказваў, гаварыў, што хацеў дапамагчы ўкраінцам, але планаваў вярнуцца дамоў і жыць тут. Абяцаў вярнуцца вясной 2014 года", — расказала Ніна Жызнеўская.

Яна таксама паведаміла, што з 2005 па 2012 гады спрабавала шукаць сына з дапамогай беларускай міліцыі, але там лічылі, што Міхаіл ухіляецца ад службы ў арміі. "Ён не хаваўся ад арміі, ён быў праваслаўным хрысціянінам. Ён хацеў адслужыць у войску, а потым пайсці ў Жыровіцкі манастыр", — сцвярджае жанчына.

У смерці сына Ніна Жызнеўская вінаваціць тых, "хто стаяў на даху і страляў у нявінных людзей". "Мішу куля трапіла прама ў грудзі — значыць, стралялі мэтанакіравана ў яго. Няхай гэтым нелюдзям адплаціцца", — сказала яна.

Паводле слоў жанчыны, пытанні з труной і дастаўкай цела Міхаіла на радзіму родным дапамагаюць вырашаць кіеўскія сябры сына.

Сяброўка загінулага беларуса Аляксандра, якая займаецца вырашэннем усіх фармальнасцей, пацвердзіла БелаПАН, што Міхаіл быў знойдзены без дакументаў, але з пасведчаннем аб нараджэнні.

"Без бацькоў цела не аддадуць. Цяпер мы чакаем, пакуль яны прыедуць", — адзначыла яна.

Дзяўчына таксама паведаміла, што сябры плануюць арганізаваць паніхіду ў Кіеве. "Пакуль не магу сказаць, калі дакладна гэта будзе — як толькі нам аддадуць цела. Будзе таксама арганізаваны дзень памяці ў горадзе Белая Царква, дзе Міша жыў. Паставім партрэт, каб людзі і там змаглі прыйсці і развітацца", — расказала Аляксандра. 

Беларускае МЗС, між тым, па-ранейшаму не мае афіцыйнага пацвярджэння факту гібелі суайчынніка. "Наша пасольства накіравала адпаведную ноту ў МЗС Украіны. Чакаем адказу. Нашы консульскія супрацоўнікі знаходзяцца ў пастаянным кантакце са сваімі ўкраінскімі калегамі", — заявіла БелаПАН намеснік кіраўніка прэс-службы знешнепалітычнага ведамства Марыя Ваньшына, адзначыўшы, што афіцыйную працэдуру апазнання абцяжарвае адсутнасць дакументаў.

Як паведамлялася раней, Міхаіл Жызнеўскі быў удзельнікам арганізацыі УНА-УНСА (Украінская нацыянальная асамблея — Украінская народная самаабарона), дзе яго ведалі пад мянушкай Локі. Паведамленне аб яго гібелі з`явілася на старонцы гэтай арганізацыі ў інтэрнэце 22 студзеня.

УНА-УНСА — праварадыкальная партыя, заснаваная ў 1990 годзе былым дысідэнтам Юрыем Шухевічам. У 1996 годзе члены УНА-УНСА ўдзельнічалі ў акцыі "Чарнобыльскі шлях" у Мінску.

Сутыкненні паміж мітынгоўцамі і падраздзяленнем спецназа "Беркут" працягваюцца ў Кіеве з 19 студзеня. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, колькасць загінулых можа дасягаць сямі чалавек.
Алена Германовіч, Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН