Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/02/08/679876/
Дата раздрукоўкі: 17.02.2019 10:53
08.02.2014 12:18 Грамадства

Расіянін, які ў п'яным выглядзе спрабаваў уцячы на "БМВ" ад ДАІ ў Гродне, аштрафаваны на 13 мільёнаў рублёў

Мінск, 8 лютага. Расіянін, які ў стане ап'янення спрабаваў уцячы на "БМВ-Х5" ад нарадаў Дзяржаўтаінспекцыі ў Гродне 5 лютага, аштрафаваны на 13 мільёнаў рублёў. Ён пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі на чатыры гады. Пра гэта паведамляе ўпраўленне ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Судовы разбор прайшоў у абласным цэнтры 6 лютага.

Нагадаем, на траекторыю руху аўтамабіля "БМВ-Х5" з расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі днём 5 лютага нарад батальёна дарожна-патрульнай службы звярнуў увагу на праспекце Янкі Купалы. Сігнал інспектара вадзіцель пазадарожніка праігнараваў. Адарваўшыся на вялікую адлегласць, паімчаўся ў бок вуліцы Перамогі. Ігнаруючы правілы дарожнага руху (праезд на чырвоны сігнал святлафору, няпропуск пешаходаў, выезд на сустрэчную паласу цераз неперарывістую лінію разметкі), ліхач збіраўся выехаць за гарадскую мяжу. Дзякуючы ўзгодненым дзеянням супрацоўнікаў ДАІ, на вуліцы Падольнай, дзе другі нарад сваім аўтамабілем заблакіраваў праезд, яго затрымалі.

Акрамя 24-гадовага вадзіцеля ў аўтамабілі знаходзіліся пасажыры (дзве дзяўчыны і брат парушальніка). Паводле слоў затрыманага, у Гродна ён прыехаў з Калінінграда па працы. Ноч правёў у знаёмых, дзе піў гарэлку. Прачнуўшыся раніцай, пахмяліўся і вырашыў развезці сабутэльніц па дамах.

Медыцынскі агляд паказаў наяўнасць у арганізме вадзіцеля 1,97 праміле алкаголю. Паводле слоў парушальніка права кіравання ў Расіі яго пазбавілі каля трох гадоў таму. Накладзеную за дапушчаныя ў Гродне парушэнні суму штрафаў ён заплаціў.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН